Па жыццi з раёнкай

Знай наших! 24 июля 12 1843

“Путь социализма”, “Ленинское знамя”, “Воранаўская газета”... Так па-рознаму ў свой час называлася раёнка, з якой цесна звязаны лёс і творчасць нашага земляка Валянціна Міхайлавіча Емяльянава.

Творчыя здольнасці ў будучага паэта выявіліся ў школьныя гады выпадкова. Настаўніца рускай мовы і літаратуры задала практыкаванне, у якім былі змешчаны два радкі з верша, а хлопчык да іх дадаў яшчэ два свае. Педагог пахваліла Валянціна і заахвоціла пісаць творы. Пасля ўдалых выступаў у класнай і школьнай насценных газетах параілі яму друкавацца ў раёнцы. Так пачалося ў 1950 годзе “знаёмства” юнага паэта з выданнем “Путь социализма”.

Рэдактар газеты Восіп Фадзеевіч Ліўшыц уважліва прачытаў верш “День Победы” Валянціна Емяльянава (спачатку ён пісаў толькі на рускай мове — прыкм. аўт.), адзначыў станоўчыя моманты і папрасіў дапрацаваць некаторыя радкі. Толькі пасля пятай аўтарскай апрацоўкі твор убачыў свет. Як лічыць Валянцін Міхайлавіч, Восіп Ліўшыц навучыў яго працаваць над радком. З таго часу пачалося плённае супрацоўніцтва з раёнкай.

Рэдактар “Пути социализма” разгледзеў талент у свайго пазаштатнага карэспандэнта і, калі той скончыў 8 класаў, прапанаваў летам папрацаваць сакратаром у газеце. У асноўным Валянцін пісаў пра людзей. З-пад пяра пачынаючага журналіста выходзілі не толькі невялічкія замалёўкі. Ён мог пахваліцца і нарысам, у якім расказаў пра трактарыста з былога калгаса імя Гагарына. Наогул, Валянціну Міхайлавічу даводзілася бываць у розных куточках Воранаўшчыны. Таму, каб было зручней дабірацца да патрэбных населеных пунктаў, з першай зарплаты ён купіў веласіпед.

— Трэба адзначыць, што праца ў газеце для мяне, як школьніка, была вельмі карыснай, — дзеліцца Валянцін Міхайлавіч. — Пашырыўся кругагляд, я набыў новыя веды і змог яшчэ больш развіць свае творчыя здольнасці, пры чым навучыўся знаходзіць памылкі. Канешне, раёнка не мела такі выгляд, як цяпер. Яна складалася ўсяго з дзвюх старонак, на якіх у той час не змяшчаліся здымкі. Адводзілася месца толькі на карыкатуры. Ды і супрацоўнікаў было ўсяго трое.

Калі ж 10 год школы былі за плячыма, залаты медаліст Валянцін Емяльянаў марыў паступіць у Ленінград на журналісцкі факультэт. Але лёс распарадзіўся па-свойму: паколькі юнак не паспеў своечасова падаць дакументы (прыём медалістаў быў завершаны), давялося шукаць шчасця ў іншай навучальнай установе. Дзверы перад ім адчыніў Полацкі дзяржаўны педагагічны інстытут. І хоць урачы лічылі самагубствам вучобу са слабым зрокам на літаратурным факультэце, Валянцін Міхайлавіч інстытут не пакінуў. Як і не пакінуў супрацоўнічаць з раённай газетай — падчас летніх канікул прыносіў туды свае творы.

У Полацку Валянцін Міхайлавіч напісаў першы верш на беларускай мове. Дарэчы, з гэтага часу ён пачаў пісаць творы толькі па-беларуску. Натхненню садзейнічала творчая атмасфера, якая існавала ў інстытуце і гарадской газеце, у якой ён таксама друкаваўся. Пры непасрэдным удзеле Валянціна Емяльянава выходзіла інстытуцкая насценная газета, дзе некаторы час ён быў рэдактарам. Творца таксама ўваходзіў у гарадское літаратурнае аб’яднанне, ад якога яго накіравалі ў 1956г. на нараду маладых пісьменнікаў Беларусі ў Віцебск. Там ён трапіў у творчую групу да Івана Шамякіна, пазнаёміўся з многімі пісьменнікамі.

Пасля вучобы малады спецыяліст прыехаў на працу ў воранаўскае раённае выданне. Толькі ўжо газета насіла іншае імя — “Ленинское знамя”. Праўда, папрацаваць давялося нядоўга — быў абраны першым сакратаром райкама камсамола. Але сувязь з газетай не парываў. У артыкулах за подпісам Валянціна Емяльянава чытачы знаёміліся з жыццём моладзі раёна. Пісаў таксама і падчас працы ў Воранаўскай і Іяткішскай школах, школе-інтэрнаце, спартыўнай школе, райкаме партыі. Калі ж у 1980 годзе заняў пасаду інспектара ў раённым камітэце народнага кантролю, сувязь з газетай стала яшчэ больш цеснай. Разам з Уладзімірам Аляксандравічам Даўгаполікам рыхтаваў “Старонку народнага кантролю”.

Час ідзе. Але і цяпер чытачы з задавальненнем знаёмяцца з вершамі нашага земляка Валянціна Міхайлавіча Емяльянава… Толькі ўжо ў “Воранаўскай газеце”. Раёнка тройчы змяніла назву. А для паэта нязменным застаецца адно: пісаць ад душы і для душы і быць вартым свайго творчага настаўніка і любімага паэта Пімена Панчанкі.

Марына КАНДРАТОВІЧ.
Добавление комментария
CAPTCHA
*