“...І тчэ, забыўшыся, рука...”

Знай наших! 17 февраля 12 2243

Хтосьці апантаны тэатрам, хтосьці рокам, а хтосьці любоўю да нашых народных традыцыяў. А што галоўнае для людзей, якія жывуць імі і займаюцца ў фальклорных калектывах? Усяго толькі, каб імі цікавіліся, слухалі іх спевы, запрашалі на розныя мерапрыемствы і, канешне, пераймалі майстэрства ды ўдыхалі новае жыццё ў традыцыі насуперак меркаванням, што гэта нямодна.

Цудоўную сустрэчу з такімі людзьмі арганізавалі супрацоўнікі Воранаўскага раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці падчас школы-вучобы ў Пагародзенскім сельскім цэнтры дасуга і народнай творчасці. Дарэктар РМЦ НТ І. Камінская і вядучыя спецыялісты Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці А. Аўчынікаў і В. Лук’ян падкрэслілі значнасць мерапрыемства і заклікалі кіраўнікоў фальклорных і фальклорна-абрадавых калектываў, гурткоў народнай творчасці зберагчы спадчыну і данесці яе да нашчадкаў.

Каб маладзейшае пакаленне па-сапраўднаму змагло адчуць повязь з сівой даўніной, у музейным пакоі, дзе адбывалася гэта імпрэза, былі выстаўлены колішнія прыстасаванні да працы, побыту і жыцця.

Да вераванняў нашых продкаў дапамог дакрануцца фальклорны калектыў “Спадчына” пад кіраўніцтвам таленавітай і самаадданай С. Салмановіч. Урывак з абрадавага спектакля “Грамнічны агонь, святы агонь” у пастаноўцы самадзейных артыстаў эмацыйна ўсхваляваў гледачоў.

А самае цікавае чакала наперадзе. Майстар-клас на ткацкім станку дала прысутным Станіслава Міхна (аб ёй ужо расказвала наша раёнка — прыкм. аўт.). Яна не толькі прадэманстравала сваё ткацкае майстэрства, але і павучыла зацікаўленых. Як прыемна было назіраць за гэтай ужо зусім не маладой жанчынай, якая не толькі спраўна ўпраўлялася з кроснамі, але і прыгожа спявала народныя песні. Здавалася, што ўсе прысутныя нібы на машыне часу вярнуліся ў мінулае, калі жанчыны праводзілі час за кроснамі ці кудзеллю і пры гэтым так прыгожа спявалі. Песні Станіславы Вікенцьеўны падхапіла другая жанчына — удзельніца фальклорнага калектыву “Крынічка” Марыя Сакалоўская, якую можна назваць сапраўднай крыніцай вуснай народнай творчасці. Марыя Уладзіміраўна ведае мноства розных баек, вершаў, большасць якіх склаў калісьці яе дзед Мацей. Здольны ён быў да вершаскладання, убачыць якуюсьці з’яву ці падзею — неўзабаве і верш з’явіцца. А маленькая Марыся ўважліва слухала і запамінала. Сёння яна ўжо сама бабуля, але ўсе дзедавы творы памятае і расказвае не толькі сваім унукам, але і шматлікім наведвальнікам пагародзенскага цэнтра.

Наталля ІВУЦЬ.

Фота аўтара.

Добавление комментария
CAPTCHA
*