Сяргей Абламейка: “Сельскі школьнік паказвае добры ўзровень ведаў”

Знай наших! 04 сентября 15 3707


С.Ул. Абламейка — вядомы вучоны ў галіне інфармацыйных і касмічных тэхналогій, апрацоўкі выяў і распазнавання вобразаў, доктар тэхнічных навук, прафесар, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, рэктар БДУ. У дадатак да вучоных званняў ён — цікавы, адкрыты і тактоўны субяседнік. У гэтым пераканалася падчас гутаркі — не аб высокіх тэхналогіях і космасе, аб зямным, надзённым і блізкім раённаму чытачу, у якога на слыху імя знакамітага земляка.

— Сяргей Уладзіміравіч, выступаючы на педагагічнай нарадзе ў Воранава, Вы назвалі прафесію настаўніка адной з самых важных і па-трэбных…

— Я глыбока ў гэтым перакананы. Ролю настаўнікаў у жыцці дзяцей цяжка пера-ацаніць, таму што ў многім ад педагогаў залежыць, як скла-дзецца прафесійны лёс іх вучняў.

— Якой была іх роля ў Вашым прафесійным станаўленні?

— На розных этапах навучання кожны з настаўнікаў, а потым выкладчыкаў, адыграў сваю ролю.

Першая настаўніца Аляксандра Іванаўна Буднік дала нам асновы ведаў, выхавала станоўчыя адносіны да школы, такія якасці, як таварыскасць, добрасумленнасць, самастойнасць. Яна сапраўды жыла нашым жыццём: арганізоўвала вольны час, раздзяляла нашы першыя поспехі і няўдачы. У трэцім класе бацька прывёў мяне ў кружок па шахматах. З таго часу з трэнерам Валянцінам Міхайлавічам Емяльянавым нас аб’яднаў інтарэс да гэтага віду спорту. Разам мы трэніравалі ўвагу, выхоўвалі вытрымку і цярпенне, развівалі логіку, ездзілі на спаборніцтвы, перамагалі.  Цікавым чалавекам быў  мой класны кіраўнік, які вёў гісторыю, Мар’ян Эдуардавіч Макрыцкі. Мае матэматычныя здольнасці разгледзеў настаўнік па прадмеце Леанід Іосіфавіч Ненартовіч. Ён быў патрабавальным, праніклівым, дадаткова нагружаў, але не перагружаў. Не лічыўся з асабістым часам для дадатковых заняткаў. Матэматычныя здольнасці і любоў да шахмат у чымсьці перапляліся. Ведаеце, у матэматычных формулах і шахматных камбінацыях ёсць свая прыгажосць, якою захапіўся і я.

— Падзяляю Вашу думку, але мне, як гуманітарыю, больш звыкла разважаць пра прыгажосць слова…

— А  мне, наадварот, гуманітарныя навукі даваліся цяжэй. Трэба было прыкладваць больш намаганняў, каб па мовах атрымліваць выдатныя адзнакі.  У дзявятым класе па замежнай, рускай, беларускай мовах атрымаў выніковыя “чацвёркі”. У дзясятым, адзінаццатым падцягнуўся да “выдатна”, але медалістам ужо не стаў.

— Не крыўдна было?

(з усмешкай) Як пастараўся, так і атрымаў… Больш экзаменаў пры паступленні ў БДУ прыйшлося здаваць. Замест аднаго — чатыры.

— Калі ў Вашым жыцці з’явіўся камп’ютар?

— Гадоў у дваццаць пяць я стаў карыстацца міні-ЭВМ, калі ўжо працаваў у Нацыянальнай акадэміі навук. І то супрацоўнікі мелі вельмі абмежаваны доступ — па 3-4 гадзіны ў дзень. А персанальныя камп’ютары прыйшлі яшчэ гадоў праз 8-10.

— Па сучасных мерках гэта вельмі позна…

— Асабліва калі ўлічваць, што сёння дзеці “асвойваюць” тэлефоны, планшэты, камп’ютары яшчэ ў маленстве, аб чым маё пакаленне нават і паняцця не мела… Такі быў час. Сёння без камп’ютара нікуды. Інфарматызацыя — патрабаванне стагоддзя, яна распаўсюджваецца хуткімі тэмпамі.

— Мабыць, таму Вы дапамагаеце паскорыць яе нашым навучальным установам…

— Набыць неабходнае камп’ютарнае абсталяванне — дорага для школы, працаваць з ім значна лягчэй. Інфармацыйныя тэхналогіі даюць многа магчымасцей у інавацыйнай дзейнасці, навукова-даследніцкай, у алімпіядным руху. Калі дзеці карыстаюцца камп’ютарнай тэхнікай у класе пад кантролем настаў-нікаў і ў разумным кантэксце, гэта заўсёды дае вынік. З кожным візітам у навучальныя ўстановы Воранаўшчыны з задавальненнем адзначаю поспехі вучняў. Значыць, накірунак супрацоўніцтва выбраны пра-вільна. І яно будзе працягвацца.

— Вы ўжо многа гадоў жывеце ў сталіцы, а якія ўспа-міны звязаны з Воранаўшчынай?

—Тут прайшло маё дзяцінства. А ўсё, што з ім звязана, асабліва дорага. Заўсёды з цеплынёй успамінаю сяброўскую кампанію, як прападалі на стадыёне (жылі недалёка), нашы хлапчуковыя прыгоды і свавольніцтвы. Бываць у бацькоўскім доме — асаблівы від адпачынку. Тут усё маё, роднае, знаёмае. Хаця, канешне,  даўно ўжо не той пасёлак знешне — разбудаваўся, пашырыўся. Толькі людзі засталіся такімі ж добразычлівымі і гасціннымі. Мае калегі пасля наведвання Воранава адзначаюць яго “еўрапейскасць”, добраўпарадкаванасць. Прыгранічная мясцовасць усё ж такі.

— Сяргей Уладзіміравіч, што значыць быць рэктарам самай прэстыжнай навучальнай установы краіны?

— БДУ — гэта перш за ўсё вялізная гаспадарка (з усмешкай). Па “насельніцтву” значна перавышае Воранава: амаль 40 тысяч студэнтаў і 9,5 тысяч су-працоўнікаў. Больш за 100 збудаванняў.  А сама арганізацыя адукацыйнага працэсу, што ўключае шэраг накірункаў дзейнасці — паняцце ёмістае і цяжкавымяральнае. Усе задачы выконваем камандай рэктарата, дзе функцыі размеркаваны. Для мяне асабіста кіраўніцтва навучальнай установай — гэта дзелавыя сустрэчы, лекцыі, адмі-ністрацыйна-гаспадарчыя пытанні, замежныя камандзіроўкі, салідны дакументазварот. Адказная, але і цікавая дзейнасць.

— Да таго ж і навуковая работа, для якой таксама трэба знаходзіць час. А як адпачываеце ад разумовых нагрузак?

— Па-рознаму. Маральна адпачываю ў хатняй атмасферы, калі збіраецца ўся сям’я. Люблю фізічныя нагрузкі: плаванне, тэніс, більярд. Калі атрым-ліваецца, з сябрамі выязджаем на рыбалку ці адпачываем на прыродзе. З задавальненнем праводжу час на дачы.

— У 2014 годзе ў правілы паступлення ў ВНУ былі ўнесены некаторыя змены. Сярод іх — адзіны конкурс для выпускнікоў сельскіх і гарадскіх школ. На Вашу думку, гэта не абмяжоўвае магчымасці ў атрыманні вышэйшай адукацыі сельскага школьніка?

— Па сваёй навучальнай установе магу сказаць, што за дзве ўступныя кампаніі, якія прайшлі пасля ўнясення змен, крэну ў бок гарадскіх абітурыентаў не адбылося. Працэнт паступлення выпускнікоў сельскіх школ застаўся на тым жа ўзроўні, а на цэнтралізаваным тэсціраванні яны набіраюць высокія балы. Сёння сельскі школьнік канкурэнтаздольны, бо паказвае добры ўзровень падрыхтоўкі.

Дый рашэнне гэта не прымалася спантанна. Да яго ішлі некалькі гадоў, на ўзроўні міністэрства ўсё аналізавалася і абмяркоўвалася неаднаразова. Пакуль што крытыкі чуць не даводзілася.

— У БДУ займаюцца  студэнты з 50 краін свету, многія вашы выпускнікі працуюць за мяжой. Значыць,  беларуская адукацыя цэніцца?

— Якасць вышэйшай адукацыі ў нашай краіне трымаецца на высокім узроўні. Апошнія 25 гадоў яна рэфармавалася з прыцэлам на інтэграцыю ў су-светную навукова-выхаваўчую прастору, але еўрапейскія ўплывы прымаем плаўна. Напрыклад, нядаўна тэрмін навучання ў ВНУ па некаторых спецыяльнасцях скарацілі да 4-х гадоў (на фоне сусветных 3-4-х беларускія 5 — многа), аднак гадзінная нагрузка (3-4 прадметныя пары штодзённа) засталася. Еўрапейская сістэма (уявіце тэмп: 3 гады навучання па 2 прадметныя пары штодзённа) вышэйшай адукацыі за кошт зніжэння аўдыторнай вучэбнай нагрузкі больш часу адводзіць на сама-адукацыю. На маю думку, беларуская сістэма ў гэтым накірунку лепшая. Нам удаецца захоўваць фундаментальнасць падрыхтоўкі спецыялістаў (асабліва па дакладных дысцыплінах — матэматыцы, фізіцы), якая была закладзена яшчэ ў савецкія часы. Таму нашыя фізікі, матэматыкі, спецыялісты ІТ-сферы працаўладкоў-ваюцца ў любой краіне свету.

— Па сёлетніх выніках  БДУ — у тройцы лепшых вышэйшых навучальных устаноў краін СНД. Уплывовыя расійскія, іспанскія рэйтынгавыя агенцтвы “Інтэрфакс” і “Эксперт-РА”, Webometrics Ranking of World Universities паставілі яго ў адзін рад з МГУ імя М.В. Ламаносава і Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным універсітэтам. Безумоўна, з высокага прызнання прыемна  пачынаць  новы навучальны год!  Жадаю Вам, Сяргей Уладзіміравіч,  далейшых поспехаў, і дзякуй за размову!

Гутарыла Вольга ВАРАБ’ЁВА.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.
Добавление комментария
CAPTCHA
*