Вучыць жыць бяспечна...

Знай наших! 29 октября 14 1559

Маладая, энергічная, крэатыўная, мэтанакіраваная — гэтыя эпітэты ўласцівы для настаўніцы замежнай мовы Паляцкішскай сярэдняй школы Ганны Генадзьеўны Барушка.

З вялікім задавальненнем выкладае яна і факультатыўныя заняткі “Асновы бяспекі жыццядзейнасці” ў 5-9 класах. Прадметны кабінет па АБЖ, якім загадвае Ганна Генадзьеўна, мае добрую базу. Тут падрыхтаваны камп’ютарныя прэзентацыі па ўсіх раздзелах курса, маюцца навучальныя відэаролікі і мультфільмы, распрацаваны электронныя тэсты, назапашаны багаты раздатачны  матэрыял. Заняткі настаўніца  праводзіць нестандартна, дэманструе высокі ўзровень прафесійнай кампетэнтнасці ў выкладанні курса АБЖ.

Незвычайныя падыходы да арганізацыі вучэбных заняткаў  выклікаюць у вучняў цікавасць. Значную ўвагу Ганна Генадзьеўна надае навучанню школьнікаў асновам бяспекі жыццядзейнасці і фарміраванню навыкаў бяспечных паводзін. Выкарыстоўвае гульнёвыя метады навучання, займальны матэрыял, прапануе практыкаванні, якія садзейнічаюць развіццю хуткасці рэакцыі, увагі, знаходлівасці. На заняткі часта запрашае супрацоўнікаў МНС і ДАІ. Карысць ад такіх сустрэч значная. Падчас свайго выступлення супрацоўнікі МНС і ДАІ дапамагаюць школьнікам замацаваць уяўленні пра правілы бяспекі: разам з навучэнцамі праігрываюць надзвычайныя сітуацыі, якія могуць здарыцца ў рэальным жыцці, арганізоўваюць прагляд відэаролікаў па дарожнай бяспецы, асновах пажарнай бяспекі.

У настаўніцы склаўся свой погляд на працу: не спыняцца на дасягнутым, ісці наперад. Яна творча працуе ў камандзе з калегамі-аднадумцамі. У сваёй педагагічнай дзейнасці дасягнула прыкметных вынікаў. Пад яе кіраўніцтвам навучэнцы паспяхова ўдзельнічаюць у конкурсах па Правілах дарожнага руху і пажарнай бяспекі. Выніковым быў удзел школьнікаў у адукацыйным праекце “Вместе весело шагать по предметам”.  Зараз настаўніца ажыццяўляе сваю задуму — працуе над стварэннем электроннага сродку навучання “Віртуальны кабінет АБЖ”.

Ганна Генадзьеўна з задавальненнем дзеліцца з калегамі сваімі напрацоўкамі, друкуецца ў часопісе “Здаровы лад жыцця”.

Падчас размовы настаўніца прызналася, што думкі пра школу і працу не пакідаюць яе і тады, калі нават знаходзіцца па-за школай.

За добрасумленную працу ў кастрычніку гэтага года Ганна Генадзьеўна ўзнагароджана Граматай аддзела адукацыі, спорту і турызму Воранаўскага райвыканкама.

Іван ГАБІС,

настаўнік Паляцкішскай сярэдняй школы.

Фота з архіва школы.
Добавление комментария
CAPTCHA
*