Гарыць агеньчык для дзесяцi дзяцей

Знай наших! 17 октября 14 1894
Які ён, жаночы лёс? Зусім лёгкім яго не назавеш. Жанчына павінна быць і добрай гаспадыняй, і ветлівай ды адказнай калегай, і цудоўнай жонкай, і самай лепшай на свеце матуляй. І ўсё гэта яна імкнецца спалучаць у паўсядзённым жыцці. Жанчына з адкрытай і шчырай душой па-іншаму і жыць не можа. Кожнаму з сям’і яна стараецца ўдзяліць увагу, імкнецца аднолькава адарыць ласкай і пяшчотай усіх дзетак. А іх падрастае трое, чацвёра, а можа, і пяцёра… Ці дзесяць, як у Веры Іосіфаўны Федасевіч з вёскі Хутар Праважа Місявіцкага сельсавета.
— Усіх дзяцей паставілі мы з мужам Валяр’янам на ногі, — радуецца Вера Іосіфаўна. — Здаецца мне, выраслі яны добрымі людзьмі. Гэта і ёсць мая самая вялікая радасць.

Сёння шматдзетная маці ў сваёй, пабудаванай уласнымі сіламі хатцы, чакае ў госці сыноў і дачок. Гаспадарку ўжо не вя-дзе, цяжкавата (а раней былі дзве каровы, свінні…). Таварыская, яна з лёгкасцю знаходзіць агульную мову з тымі, хто завітвае да яе.

— Нарадзілася я ў Талочках у сорак трэцім годзе, — расказвае жанчына і быццам бы пераносіцца думкамі ў юнацкія гады. —  Бацькі працавалі ў калгасе, праца тады ж была ручная, не тое, што цяпер. Памятаю, як жыта жала. Сярпом парэзала палец, так было балюча, аж у вачах пацямнела… Працавалі многа і шчыра, але не сумавалі. Едзем коньмі мы, моладзь, сена грабіць, а вяртаемся — сядзім на вазах, песні спяваем. А на танцах як зайграюць музыканты — ні хвіліны не пасядзіш!..

Працаваць Веры Іосіфаўне давялося шмат і цяжка. На ферме, якая знаходзілася каля іх вёскі, даглядала быкоў — важылі па 400 кілаграмаў. Разам з суседкай адказвалі за сорак галоў. Самым складаным было напаіць жывёлу — ваду ж насілі з калодзежа. Летам кожнаму быку прыносілі па тры вядры вады зараз. Зімой ад таго, што з вёдраў вада не-не дый пральецца, падмярзала адзенне. Уздыхнуць з палёгкай жанчына змагла, калі перайшла на ферму ў Ядэлеўцах — там ужо былі паілкі. І даглядаць жывёлу стала лягчэй.

Тое, што бацькам трэба дапамагчы, дзеці заўсёды разумелі. І калі мама завіхалася па гаспадарцы, былі побач, і на ферме, як маглі, дапамагалі.

— Асаблівых клопатаў дзеці не рабілі, — святлее твар жанчыны, калі яна гаворыць пра сваіх крывіначак. — Жылі дружна, у згодзе. Падраслі — разляцеліся хто куды. Блізка жывуць сыны Антон і Валера, дачка Рома. Хлопцы працуюць механізатарамі ў мясцовай гаспадарцы — СВК “Місявічы”. Дачушка — нястомная працаўніца: усё ў агародзе ды ў агародзе знаходзіцца. Крыху далей, у Воранаве, самы старэйшы сын Генадзь. Напэўна, яму там няблага, ёсць каму падтрымаць і да каго зайсці — там жа жывуць Фэляк і Таццяна. Не баіцца мазалёў мая Марыя. Яна атрымала жыллё ў Жырмунах, працуе на ферме. На заводах працуюць Алік (у Гродне) і Валянціна (у Лідзе). Сама далёка ад мяне — на Камчатцы — знаходзіцца Юра. Калі быў у арміі, прыва-біла яго мора, таму і пакінуў родны куток. Хоць і адлегласць немалая, не забываецца пра мяне. Стараецца кожны год прыехаць дадому.

Усіх дзетак любіць вялікае сэрца маці, пра кожнага памятае, за кожнага перажывае. Таму на ўсе святы Вера Іосіфаўна ад усіх 10 дзяцей, 17 унукаў і 2 праўнукаў атрымлівае самыя цёплыя і шчырыя віншаванні.

За подзвіг мацярынства жанчына была ўзнагароджана ордэнам Маці. Яе адданая праца, асабісты ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі таксама не забыты. З нагоды 70-годдзя Гродзеншчыны Вера Іосіфаўна Федасевіч атрымала Віншавальнае пісьмо ад губернатара вобласці.

Свяці ж агеньчык мацярынскай любові доўга-доўга, каб дзеткі маглі яшчэ многа год са-бірацца дружнымі сем’ямі ў бацькоўскай хаце!

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.
Добавление комментария
CAPTCHA
*