Вяскоўцы. Даўкшаны...

Сямейная скарбніца 17 февраля 15 2123

Гістарычная даведка


Даўкшаны — вёска ў Пераганцаўскім сельскім Савеце. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя ўваходзіла ў Седліскую воласць Ашмянскага павета Віленскай губерні, у склад маёнтка Тусуманцы. З’яўлялася дзяржаўнай уласнасцю. У 1861 годзе тут налічвалася 14 рэвізскіх душ (так у Расійскай імперыі называлася пры перапісах адзінка рэвізскага ўліку мужчынскага насельніцтва). Згодна перапісу 1897 года ў ёй было 9 двароў, 51 жыхар. Пазней былі зафіксаваны дзве вёскі — Даўкшаны Вялікія і Даўк-шаны Малыя. Да 1970 года яны аб’ядналіся ў Пераганцаўскім сельсавеце, у складзе калгаса “Новае жыццё”. Пражывала 66 жыхароў. Сёння гэта невялікая вёска з ліку так называемых неперспектыўных, з 15-цю дварамі, з якіх толькі 7 жылыя, і 12-цю жыхарамі.

Жыццё тут ажывае ўлетку


Вёска, прыцярушаная сняжком, сустракала нас адзінай маўклівай вулачкаю. Нішто, здавалася, не магло парушыць яе звыклага тэмпу жыцця. З каміноў хат нават не цягнуліся ўвысь дымкі — відаць, руплівыя гаспадары яшчэ з раніцы паклапаціліся пра цеплыню ў дамах. Такім жа, санлівым і абыякавым да ўсяго, што адбываецца побач, выглядала і наваколле: невялічкую рачулку закаваў мароз, а лес нібы застыў у чаканні вясны…

Калі ж у гэтае зачараванае царства ўварваўся шум матора нашай машыны, крыху павесялела і вёска. На вуліцу выглянулі людзі: хто ж, цікава, патурбаваў іх. Разгаварыліся хутка. Як аказалася, першае ўражанне не было памылковым: сталых жыхароў засталося няшмат, хтосьці з іх на зіму падаўся да дзяцей. А некаторых сумуючыя дамы чакаюць улетку — прырода і неабходная пасля шумлівага гарадскога быту цішыня прываблівае дачнікаў. Тым часам вяскоўцы пачалі ўспамінаць тыя часы, калі жыццё ў Даўкшанах бурліла.

Выпрабоўваў лёс не раз




Сёлета ў Марыі Аляксандраўны Ясюкайць, у дзявоцтве Коўган, 16 жніўня  будзе асаблівым. Яна сустрэне 80-ы юбілей. Шмат дарог ёю пройдзена ды клапот нямала зведана. Ёсць пра што расказаць былой настаўніцы пачатковых класаў Тусуманскай школы.

З Навагрудчынай, дзе яна нарадзілася, звязвае цяпер толькі ўспамін пра дзіцячыя гады, на якія выпала нямала выпрабаванняў.

— Да вайны толькі пачыналі будаваць калгасы. Тата адзін з іх узначальваў, — ажывае мінулае ва ўспамінах субяседніцы. — Таму, як толькі пачалася вайна, ён пайшоў у партызаны. А мы з мамай засталіся ў вёсцы. Побач у былым панскім маёнтку размясціліся немцы. Пасля будынак то партызаны адбівалі, то немцы ім авалодвалі. У адным з такіх баёў тата трапіў у палон. Яго разам з таварышамі памясцілі ў падвал маёнтка. Мама брала мяне за руку і хадзіла наведваць бацьку. Паколькі ён быў партызанам ды яшчэ старшынёй калгаса, а значыць, камуністам, яму пагражаў расстрэл. Мы даведаліся, што гэта здарыцца праз тры дні. Прыгатаваліся, дадому прыйшлі вясковыя жанчыны. Вокны ў хаце былі завешаны (завешваліся пастаянна, бо насупраць былі немцы). А тут нечакана хтосьці пастукаў. Гэта былі бацька і муж сястры маці (быў бухгалтарам у калгасе, а пасля таксама партызаніў). Забеглі сказаць, што, калі ў іх стралялі, удалося ўцячы і зноў пойдуць у лес. Пасля вайны да 1947 года тата быў дырэктарам спіртзавода ў Вераскава. Часткова завод быў разбіты, яго адбудоўвалі. Таму  тата і не меў часу паклапаціцца пра сваё здароўе. Думаў, што баліць жалудак, звярнуліся да ўрача. А на самай справе лопнуў апендыцыт і пайшло загнаенне. На наступны дзень яго не стала… — крыху памаўчаўшы, Марыя Аляксандраўна працягнула далей: — Бацькоўскую цеплыню я адчувала ад сям’і цёткі, з якой жылі ў адной вёсцы і ў якой гадавалася шэсць дзяцей. Дый яе мужа звалі Аляксандр, як і майго бацьку… Усе мы, дзеці, сталі настаўнікамі. Аб адным шкадую: у школе я добра іграла на скрыпцы. А ў маці не было грошай, каб яе купіць, вядома ж, час быў пасляваенны. Так і згубіўся мой талент.

Пасля заканчэння Гомельскага педагагічнага музыкальнага вучылішча маладую настаўніцу накіравалі на Воранаўшчыну. Адразу настаўнічала ў Тусуманскай школе. Пасля, калі трэба было саступіць месца калегу з-за хворай дачкі, перайшла ў Навіянку. Вярнулася ў школу, дзе пачынала педагагічны шлях таму, што хварэла маці, а ў Тусуманцы ад Даўкшан было бліжэй дабірацца, чым у Навіянку.

Тусуманцы ўва многім прадвызначылі жыццёвы лёс Марыі Аляксандраўны. Тут яна пазнаёмілася з мужам. Доўгі час маладыя здымалі кватэру, так як сям’я ў суджанага была вялікая — шэсць хлопцаў. Калі ж падчас аднаго з перапісаў дзяцей, якія жылі ў Даўкшанах, яна даведалася, што тут хата прадаецца, загарэлася жаданнем купіць. Шмат сіл давялося ўкласці Ясюкайцям, пакуль дом прывялі ў парадак: не было столі, падлогі, печы, хата была пакрыта саломай. Толькі пасля разгледзеліся, што прыдбалі хатку, а зямлі — мала. Ды ўжо нічога нельга было зрабіць.

Так атрымалася, што гора не раз выклікала ў яе слязу. Сціскалася яе даччынае і жаночае сэрца, калі хавала маці і мужа, а найбольш плакала мацярынскае — калі загінуў сын… Перанесла жанчына ўдары лёсу настолькі мужна, наколькі магла. А радасць знайшла ў чатырох унуках, пяцярых праўнуках.

— Мне яшчэ трэба пажыць, — даверліва кажа Марыя Аляксандраўна. — Хутка народзяцца яшчэ два праўнукі. Я ж павінна іх убачыць!..

Гэтага мы ёй і пажадаем, а яшчэ — моцнага здароўя ды дачакацца стогадовага юбілея!

Працавалася… як у песні спявалася




Родную вёсачку Станіслава Генрыхаўна Раўлушэвіч надоўга ніколі не пакідала. Тут яе дом, тут выраслі дзеткі, тут яна пазнала радасці ў жыцці, тут, бывала, сплывалі з вачэй горкія слёзы…

Сорак першы год значыцца для Станіславы Генрыхаўны як год яе нараджэння. А вайна… Аб тым ліхалецці ёй не расказвалі ў дзяцінстве. Сама ж — што можа ўспомніць немаўля?.. Ды і не да размоў было — гора напаткала яе сям’ю. Шчасце, якім поўняцца юначыя гады, памеркла са смерцю матулі. Бацька так і не ажаніўся: сам даглядаў дачку і сына. А дзяўчыне давялося ў пятнаццаць год ісці на працу ў калгас.

— Вясёлая была наша Блажанская школа, — вяртаецца  ў мінулае Станіслава Генрыхаўна. — Былі ажно два пятыя класы па 36 чалавек. Разам з намі, малымі, вучыліся і невукі (застаўлялі іх ісці ў школу). Насупраць нас кавалеры яны былі. Калі памерла маці, сем класаў я скончыла. Хацела і далей вучыцца, паступаць. Але як? Завочна ўсё ж такі адужала 8-ы клас. Са сталымі людзьмі працавала поруч, усё, што і яны, рабіла. За вёскай была баня — там церлі лён уручную. Пасля брыгадзір паставіў мяне “шчытаводам”. Я ж вучылася няблага і ўмела рахаваць (складаць. — Прыкм. аўт.). І на працу хадзіла, і ўлік вяла. А яшчэ ў хаце бібліятэку трымала. У Воранава за кнігамі хадзіла — раней жа аўтобусаў не было. Сама вяла ўлік, хто якую кнігу браў, выдавала. З суседняй хаты нават акадэмік навук з Прыморскага краю Войшніс, калі прыязджаў да сваіх, за кнігамі да мяне звяртаўся. Ой, — быццам бы схамянулася жанчына, — а як мы працавалі! Людзей у нас тады было многа, не тое, што цяпер. Адных жанчын працаздольнага ўзросту сямнаццаць, а мужчын — і таго больш. І буракі, і лён палолі. Усё ж уручную. Працы не баялася. Давялося, тры гады на ферме працавала, звеннявой была. І Ганаровую грамату ад калгаса маю, і на Дошцы Гонару маё імя было. Што ж казаць, 40 год стажу…

Напэўна, праца дапамагала Станіславе Генрыхаўне на некаторы час забыцца аб тым, якое гора напаткала яе ў другі раз. У 34-гадовым узросце памёр муж. Дзеткі былі маленькімі — тры і восем год мелі. Адна сыноў на ногі падымала.

— Не скажу, на дзяцей крыўдаваць не магу. І дроў нарыхтуюць, і калі што трэба — абавязкова дапамогуць. Галоўнае жа маё багацце — чатыры ўнукі і праўнучка. А хутка яшчэ раз стану прабабуляй, — на развітанне не магла не падзяліцца сваім шчасцем жанчына.

Калі адгукаецца цішыня…




Мясцовы жыхар і Леанард Аляксандравіч Ясюкайць. Цяпер яго малая радзіма не вельмі радуе: няма з кім нават і слоўцам перакінуцца. А яшчэ некалькі год назад, калі жыла жонка Яніна, ён не адчуваў сябе настолькі самотна. І гэта ня-гледзячы на тое, што яму давялося 13 год яе, інваліда, даглядаць. Проста побач быў дарагі сэрцу чалавек, з якім і старыцца весялей. Каб разганяць сум, які надыходзіць часамі, мужчына прыдбаў сябра — рыжага сабачку. “Усё ж жывая душа, — радуецца ён. — Дзеці-то прыяз-джаюць, ды ў іх свае клопаты”.

Гэта ўсё рэчаіснасць. А раней і хвілінку вольную складана было знайсці. Пасля таго, як закончыў 7 класаў Блажанскай школы, адразу паступіў у школу механізацыі ў Воранаве. Пасля вучобы меркаваў працаваць у калгасе непадалёку ад бацькоўскай хаты. Ды накірунку не далі, а “выпісалі пуцёўку” на цаліну.

— У сакавіку ці то ў 61-ым, ці то ў 62-ім прыехаў я туды, — расказвае Леанард Аляксандравіч. — Быў і ў Какчэтаве, і ў Цалінаградзе. Працаваў на трактары.  Жылі мы ў вагончыках. Сталовай служыла вырытая траншэя. Праз восем месяцаў вырашыў з сябрам вярнуцца дадому. Скажу па-праўдзе, добра, што вярнуліся — хлопцы хто загінуў, хто замёрз…

Пасля звароту ў родны куток мужчына пайшоў працаваць у мясцовы калгас. Трыццаць два гады работы на гусенічным трактары прабеглі незаўважна. Аднак звычка ўсё мець дзякуючы мазалю засталася. І сёння Леанард Аляксандравіч мае каня. У мінулым годзе садзіў свой агарод.

— Як будзе ў гэтым — не ведаю, — сумняваецца гаспадар. — Але, калі будзе здароўе, напэўна, і агарод будзе.

З жыццём вяскоўцаў знаёміліся

Марына КАНДРАТОВІЧ і Алег БЕЛЬСКІ (фота).

Добавление комментария
CAPTCHA
*