“О спорт, ты – МІР!” Удзельнікі і гледачы эстафеты “Полымя міру” ў Мірскім замку дзеляцца ўражаннямі (відэа)
Гонар, радасць, адрэналін, эйфарыя. Неверагодны спектр эмоцый 21 мая перажылі ўдзельнікі, гледачы і арганізатары эстафеты “Полымя міру” ў замкавым комплексе “Мір” .
? Аляксандр ЛОЙКА,
дырэктар музея “Замкавы комплекс “Мір”:
– Надзвычай рады таму, што менавіта наша ўстанова стала пляцоўкай для такой грандыёзнай падзеі еўрапейскага маштабу. Гэта вялікая адказнасць і адначасова асаблівы гонар. Сёння ў наш замак нібы ўдыхнулі новы дух – спартыўны. І мы з пачуццём кажам: “О спорт, ты – МІР!”
? Вікторыя АЛЕШКА,
спявачка, факеланосец “Полымя міру”:
– Мы сталі сведкамі гістарычнага моманту. Я нават не чакала, што ў маім жыцці адбудзецца гэта маштабная эстафета. І таму ўдзячная, што з вялікай колькасці людзей мне даверылі дачыніцца да такой урачыстасці. Так здорава, я шчаслівая, проста ВАЎ! А яшчэ хачу пажадаць нашым спартсменам толькі найлепшых вынікаў, толькі перамог! Таму што мы, беларусы, сіла, мы можам, мы чэмпіёны!
? Тамара ЛІСІЦКАЯ,
тэле- і радыёвядучая, факеланосец “Полымя міру”:
– Хоць я не самы спартыўны чалавек, але пануючая тут, у Мірскім замку, атмасфера свята, яскравасці і сонца творыць сапраўдныя цуды з кожным з нас, аб’ядноўвае і натхняе на перамогі. У нейкае імгненне ты разумееш, што не важна, маеш ты выключныя фізічныя здольнасці ці не, галоўнае ты ўжо частка гэтай дзівоснай падзеі.
? Вераніка МОНІЧ,
вучаніца Мірскай сярэдняй школы:
– Настрой у мяне і аднакласнікаў выдатны! Мы ганарымся, што сёння наведалі Мірскі замак і віталі “Полымя міру”. Увогуле я вельмі чакаю ІІ Еўрапейскія гульні ў Мінску. Хачу, каб нашы спартсмены заваявалі як мага больш узнагарод, а замежныя госці адчулі ўсю прыгажосць і гасціннасць Беларусі.
? Наталья СВІДЗІНСКАЯ,
навучэнка Мірскага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа:
– Цікавы дзень у нас сёння выдаўся! Паглядзіце на кожнага ў Мірскім замку: усім вельмі весела, бо тут усё так атмасферна і гасцінна. Да таго ж, мы ў каледжы любім займацца спортам, таму гэта абсалютна наша свята. І хоць у Беларусі я не так даўно, але глыбока перажываю гэты прыгожы момант!
? Віктар БУНЧУК,
краязнаўца, жыхар г.п. Мір:
– Такая значная падзея абавязкова стане асобнай старонкай гісторыі нашага мястэчка. Я адклаў усе справы, каб прыяднацца да ўрачыстасці і на свае вочы ўсё пабачыць. І як жа хораша і шырока мы сустрэлі “Полымя міру”! Я на доўгія гады запомню сённяшняе свята і гэты непаўторны настрой пераможцаў.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота і відэа аўтара
http://www.polymia.by/