Фестываль у гонар прысмаку. Экслюзіўны "абаранкавы" фестываль ладзяць у Смаргоні
Смаргонцы з задавальненнем распавядаюць аб былой папулярнасці абаранкаў.
У Смаргоні на наступным тыдні ўжо ў другі раз збярэ гасцей фестываль-кірмаш “Смаргонскія абаранкі”. На гэты раз кожнаму жадаючаму прапануюць паназіраць за тэхналогіяй вырабу няхітрага прысмаку і прыняць удзел у выпяканні сапраўдных смаргонскіх абаранкаў.
Смаргонцы з задавальненнем распавядаюць аб былой папулярнасці абаранкаў. З'явіліся яны на гэтых землях яшчэ ў XVII стагоддзі, але спачатку былі нязвыклай у параўнанні з сённяшнім днём формы. Родапачынальнікі абаранкаў, або, як тады іх называлі "абваранкі", уяўлялі сабой звараныя і высушаныя невялікія палоскі цеста з мукі і вады. Дарэчы, вырабляліся яны пэўны час не для людзей, а для… мядзведзяў. У XVII–XIX стагоддзях у Смаргоні існавала мядзведжая акадэмія. І менавіта такім кормам для дрэсіраваных "акадэмікаў" запасаліся павадыры, адпраўляючыся ў падарожжа па кірмашах Рэчы Паспалітай. Чаму? Усё вельмі проста: браць з сабой сена было нязручна, хлеб – дорага, а вось невялікія палоскі цеста – у самы раз. З цягам часу пачастунак ацанілі і людзі. У пачатку мінулага стагоддзя выпяканнем абаранкаў у Смаргоні займалася больш за 35 арцеляў.
– Ёсць і дакументальнае пацвярджэнне папулярнасці абаранкаў у XIX стагоддзі, – расказвае начальнік аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама Таццяна Ражава. – Уладзіслаў Сыракомля ў сваёй кнізе "З доўгага дня 1856 года" пісаў: "Добры дзень, горад старой акадэміі мядзведзяў, сталіца вядомых на ўсю Літву абаранкаў, якія і цяпер прадаюцца на станцыі каля паштовага дому».
Фестываль-кірмаш "Смаргонскія абаранкі" 25 мая у райцэнтры пройдзе ў другі раз. У гэты дзень на яго вуліцах будуць працаваць свайго роду вузкапрофільныя арцелі. На тэатралізаваных падворках можна будзе паласавацца хатнімі абаранкамі з мёдам і макам, салодкімі і салёнымі. Абавязковая дэгустацыя не адзіны цікавы момант. У арцелі "У Зыдора", напрыклад, можна будзе пабачыць абрад сватаўства. Вытворцы арцелі "Мука-солька" з абаранак складуць невялікую студню, а цэнтральным героем "Мядовай" стане роставая лялька мядзведзя.
Выпякаць абаранкі з захаваннем усіх правіл няхітрай тэхналогіі будуць і на вачах у гасцей фестывалю. На пляцоўцы пад адкрытым небам зробяць гэта супрацоўнікі філіяла "Смаргонскі хлебазавод" ААТ "Гроднахлебпрам".
– Па традыцыі арганізуем для гасцей фестывалю народную дэгустацыю галоўнага героя ўрачыстасці – абаранкаў, – дадае Таццяна Ражава. – Каля дзясятка прадпрыемстваў, прычым не толькі з Гродзенскай вобласці, прадставяць сваю прадукцыю на суд народнага журы, члены якога аддадуць свой голас на карысць аднаго з круглых ласункаў. Пераможца і прызёраў абвясцім са сцэны і ўзнагародзім дыпломамі.
Пачнецца свята з тэатралізаванага пралога на гарадскім стадыёне ў 11.00 і працягнецца да позняга вечара ў гарадскім парку. На адзін дзень цэнтральныя вулачкі райцэнтра ператворацца ў сапраўдны "Абаранкавы горад", дзе кожны знойдзе забаву да густу. Так, на цэнтральнай алеі парка збяруцца майстры народнай творчасці, якія прапануюць гасцям свята паспрабаваць сябе ў саломапляценні, ганчарстве і іншых рамёствах. Для дзяцей будуць працаваць атракцыёны, пройдуць гульнёва-забаўляльныя праграмы, а таксама прэзентацыі стартап-праектаў і школьных бізнес-кампаній.