Чым вылучыўся мінулы год для культуры Гродзеншчыны і што новага чакае нас сёлета?

Принёманский регион 10 февраля 16 1675
Мінулы год для культуры Гродзеншчыны адметны: гэта быў год паміж Культурнай сталіцай Беларусі, якой з’яўляўся наш горад у 2014-м, і Годам культуры, якім абвешчаны 2016-ы. Чым вылучыўся ён для гэтай сферы і што новага чакае нас сёлета, распавёў першы намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі.

УСЯМУ СВЕТУ БЕЗ САКРЭТАЎ

– Якім выдаўся мінулы год для культуры Гродзеншчыны? На што найбольш была скіравана ўвага?

– Гаворачы пра вынікі работы ў 2015 годзе, трэба зазначыць, што мы сваю дзейнасць накіроўвалі на выкананне тых задач, якія ставіліся Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у сферы культуры. Адзін з гэтых пасылаў, які прагучаў у звароце да Нацыянальнага сходу і народу, быў наступны: папулярызацыя культуры Беларусі за межамі краіны.

У гэтым кантэксце хацелася б сказаць, што дзякуючы нашым намаганням мінулы год ЮНЕСКА быў аб’яўлены годам Міхала Клеафаса Агінскага. У штаб-кватэры ЮНЕСКА у Парыжы адбылося мерапрыемства, прысвечанае 250-годдзю Агінскага, дзе было расказана пра яго жыццёвы, творчы шлях, у тым ліку на тэрыторыі нашай Гродзенскай вобласці: у мястэчку Залессе Смаргонскага раёна прайшлі дваццаць год яго жыцця. Падчас гэтага мерапрыемства віртуознасцю выканальніцкага майстэрства, глыбінёй вылучылася, па словах амбасадара Беларусі ў Францыі Паўла Латушкі, Гродзенская капэла.

Другі момант звязаны зноў з Францыяй – у Парыжы наша мастачка Валянціна Шоба атрымала прэмію Тэйлара. Што адметна, упершыню прэміяй адзначаны беларусы. Традыцыйна ярка праявіў сябе на міжнароднай арэне Тэатр лялек, прыняўшы ўдзел у 8 фестывалях за межамі Беларусі, на адным з якіх, «У гасцях у Арлекіна» (Омск), заваяваў гран-пры.

Таксама хацелася б адзначыць тую ролю, якую адыгрывалі нашы музеі. Гісторыка-археалагічны, да прыкладу, са сваім праектам «Дызайн у шкле» экспанаваўся ў Польшчы. Яшчэ адну выставу са сваіх фондаў экспанаваў у Літве Музей гісторыі рэлігіі.

Іншыя ўстановы культуры таксама зрабілі свой унёсак у справу папулярызацыі. Практычна кожны раён падтрымлівае стасункі з гарадамі-пабрацімамі і пабываў з выступленнямі за межамі Беларусі.

– Ужо вядома, што сёлетні Фестываль нацыянальных культур пройдзе пад эгідай ЮНЕСКА.

– Так, і мы чакаем на свята прадстаўніка міжнароднай арганізацыі. Дарэчы, падчас гэтага візіту будзе дэталёва абмеркавана адно важнае пытанне. Справа ў тым, што летась мы зрабілі свайго роду задзел на бягучы год. Я маю на ўвазе сумеснае пасяджэнне спецыялістаў Польшчы і Беларусі, якое прайшло ў Гродне, па пытаннях падрыхтоўкі прапаноў на ўключэнне Аўгустоўскага канала ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Нашы прапановы 28 кастрычніка былі накіраваны ў штаб-кватэру ЮНЕСКА. Упэўнены, адказ будзе станоўчым.

Таксама плануем падчас візіту прадстаўнікоў міжнароднай арганізацыі абмеркаваць перспектыву уключэння ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА іншых аб'ектаў, унесеных у папярэдні спіс. Гэта Каложская царква, а таксама Мураванская і Сынкавіцкая, якія мы плануем наведаць з гасцямі.

Дарэчы, у гэтым годзе плануем адкрыць музей Аўгустоўскага канала.

– У кантэксце замежных стасункаў вялікая роля сёння надаецца праектам транспамежнага супрацоўніцтва. Тым больш, пачынаецца чарговы этап фінансавання, і Еўрасаюз гатовы выдаткоўваць сродкі на новыя праекты.

– І яны павінны быць у кожным раёне. У вобласці ўжо рэалізавана адзінаццаць такіх праектаў транспамежнага супрацоўніцтва на суму крыху больш за 1 мільён еўра. Самыя значныя – адкрыццё мульціцэнтра на базе дзіцячага філіяла абласной бібліятэкі імя Карскага, стварэнне Цэнтра рамёстваў, а таксама праект, рэалізаваны ў музеі Максіма Багдановіча (сёння – філіял гісторыка-археалагічнага музея). Маштабныя праекты былі рэалізаваны ў Залессі Смаргонскага раёна па аднаўленні сядзібы Агінскага і ў Гудзевіцкім літаратурна-краязнаўчым музеі Мастоўскага раёна. У раёнах гэтыя праекты могуць быць не такімі вялікімі, але яны неабходны.

НЕРУХОМАЯ СПАДЧЫНА

– На мінулым тыдні адбылася выніковая калегія Міністэрства культуры. Як у кантэксце іншых рэгіёнаў выглядае Гродзеншчына?

– Хацелася б сказаць, нам прыемна было чуць, што па многіх кірунках мы лепшыя. Прозвішча старшыні аблвыканкама Уладзіміра Краўцова неаднаразова гучала з вуснаў намесніка прэм’ер-міністра Наталлі Качанавай і міністра культуры Барыса Святлова. Прынамсі, яны падкрэслілі тую ролю, якую адыгрывае губернатар у падтрымцы культуры. Як бы ні было цяжка ў фінансавым плане, мы адкрылі палац Друцкіх-Любецкіх у Шчучыне, распачалі работы на Старым замку. Таксама са станоўчага боку было адзначана ўзаемадзеянне вобласці з пракуратурай. Таму што ёсць пытанні, якія зрушыць з месца без удзелу пракурора немагчыма. Так, было праведзена пасяджэнне грамадскага савета пры пракуроры, на якім разглядалася пытанне аб ролі мясцовых выканаўчых органаў і грамадскіх арганізацый у аднаўленні і захаванні аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны і адказнасці іх уласнікаў.

Адзначаны быў працэс камп’ютарызацыі бібліятэк. Калі па рэспубліцы гэты паказчык складае 80,1, то у нас 100 працэнтаў бібліятэк камп’ютарызавана. І для сябе мы ўжо ставім задачу па замене састарэлай тэхнікі, якая ёсць у асобных кніжніцах.

– Нягледзячы на значную падтрымку з боку дзяржавы, час вымушае нас самім прыкладаць намаганні, каб зарабляць. Культура не выключэнне.

– Пяць год таму мы пачыналі з лічбы 8,8 працэнта. Такой была доля пазабюджэтных сродкаў у агульнай суме даходаў культуры вобласці. У мінулым годзе зарабілі 128,8 мільярда рублёў, а гэта ўжо 25,4 працэнта.

У гэтым кірунку наша вобласць на рэспубліканскай калегіі прагучала як прыклад для астатніх. Таму што калі пералічыць названую суму на колькасць жыхароў, мы далёка наперадзе.

– Аляксандр Людвігавіч, вы згадалі Стары замак. Якія работы там вядуцца? Хацелася б таксама пачуць пра Навагрудскі, Гальшанскі…

– Для работ на Старым замку летась было выдаткавана 5 мільярдаў рублёў. Сёлета мы зноў маем фінансаванне ў такім жа аб’ёме. Па першай чарзе ўжо гатовы праект. Таму будзем праводзіць пэўныя будаўнічыя работы – у межах тых сродкаў, якія маем. Адначасова будзем працягваць распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі па другой чарзе аб’екта.

Увогуле, на замках будуць працягвацца работы. Лідскі, да прыкладу, гатовы больш як на 90 працэнтаў. У Навагрудку ўжо адноўлена адна вежа. У гэтым годзе будзем займацца праектна-каштарыснай дакументацыяй на другую. Восенню распачаліся работы на Гальшанскім замку.

ТАЛЕНТЫ НАРАДЖАЮЦЬ ІДЭІ



– Летась ансамбль танца, музыкі і песні «Белыя росы» і аматарскі калектыў з Гродзенскага раёна ансамбль песні і танца «Ніва» атрымалі званне «заслужаны». Пэўна, гэтага звання вартыя многія…

– Безумоўна. У гэтым годзе рыхтуем дакументы на прысваенне звання «заслужаны» абласному Тэатру лялек і ансамблю народнай песні «Ярыца» з Мастоў. Сярод аматарскіх калектываў ён вылучаецца сваім прафесіяналізмам.

Увогуле Гродзеншчына каторы раз пацвердзіла, што яна багатая на таленты. За ўвесь час, што існуе спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, а ў гэтым годзе ён адзначае сваё 20-годдзе, у нас ніколі не было такой колькасці стыпендыятаў, як сёлета – 37 чалавек.

– У спісе значных культурных падзей вобласці на гэты год шмат цікавых і традыцыйных святаў. Вельмі добра, што яны праходзяць і год за годам выклікаюць цікавасць у гледачоў. Але мы, журналісты, вельмі любім слова «ўпершыню». Тым больш, Год культуры вымагае нечакага незвычайнага. Пра якія імпрэзы, падзеі можна будзе так сказаць?

– Канешне, яны будуць. І ўжо пачаліся. Да прыкладу, Тэатр лялек распачаў праект «Тэатральная гасцёўня», там жа плануецца сумесна з аддзелам адукацыі гарвыканкама праводзіць «Літаратурныя ўрокі», пройдзе фестываль «Тэатральная спадчына генія Дастаеўскага» – у яго межах на гродзенскай сцэне свае спектаклі пакажуць вядучыя расійскія тэатры. Неўзабаве пройдзе цырымонія закрыцця Года моладзі і адкрыцця Года культуры – упершыню адзін год перадасць эстафету наступнаму.

Гісторыка-археалагічны музей запрашае школьнікаў да ўдзелу ў брэйн-рынгу, прысвечанаму жыццю і творчасці Максіма Багдановіча. Ля сцен Новага замка ў маі плануецца фестываль сярэдневяковай культуры. Таксама ўвесну ў Доме Міцкевіча адбудзецца шляхецкі баль. З мая па верасень у парку імя Жылібера будуць праходзіць канцэрты выхаднога дня. Шэраг новых імпрэз будзе прысвечаны тэме Вялікай Айчыннай вайны.

Мяркую, і традыцыйныя, і новыя мерапрыемствы прыйдуцца да спадобы жыхарам і гасцям Гродзеншчыны.
Таццяна Кузнячэнкава

http://grodnonews.by/
Добавление комментария
CAPTCHA
*