Вайна вачыма падлетка

IMG_20200407_111014

У гады Вялікай Айчыннай вайны праз фашысцкія лагеры прайшлі каля 20 мільёнаў чалавек, выжыла толькі кожнае пятае дзіця. Што можа памятаць дзіця? Сцерліся з памяці  твары і дэталі падзей. А вось пачуццё неймавернага страху, голаду, адчаю засталося…

З успамінаў Генадзя Паўлавіча Кастко:

“…Напачатаку вайны мне было 10 годоў. У нядзелю, 22 чэрвеня, пачалася вайна, а праз два дні ў вёску прыйшлі немцы. Тры гады мы пражылі пад іх акупацыяй. Наша вёска стаяла ў полі, а вось “лясныя” вёскі за гэтыя тры гады амаль усе былі спалены, некаторыя — з людзьмі.

Успамінаецца дзень 2 сакавіка 1944 года. Нашу вёску — 60 гаспадарскіх двароў — раніцай акружылі немцы і паліцаі. Яны загадалі ўзяць самае неабходнае і пакінуць дамы. Усіх людзей, у асноўным жанчын, старых і дзяцей (моладзь і мужчын забралі адразу і вывезлі на аўтамашынах), гналі кіламетр, да шашы Магілёў-Бабруйск, затым пасадзілі на машыны і павезлі ў Бабруйск на чыгуначную станцыю. Пагрузілі ў вагоны, усю ноч кудысьці везлі, а раніцай выгрузілі ў полі і папярэдзілі, што ісці трэба 20 км. З вялікай цяжкасцю, голыя, галодныя і халодныя, мы дайшлі да месца, абгароджанага калючым дротам. Вакол — аўтаматчыкі з сабакамі. Ніякіх пабудоў, снег, балота. Загад: буданы не ўзводзіць, вогнішча не распальваць, лес не секчы, піць з лужын, дабываць ваду з снегу. Мяне і двух братоў маці сагравала цяплом свайго цела. Тры разы прывозілі хлеб з апілкаў, з узбуджальнікамі заразных хвароб. Яго кідалі праз дрот — хто зможа ўзяць, той хоць нешта паесць. Стараліся карміць дзяцей і старых.

Такім чынам, каб затрымаць наступленне Савецкай Арміі на гэтым напрамку, нямецкае камандаванне стварыла на пярэднім краі нямецкай абароны канцлагеры, у якіх знаходзілася звыш 50 000 чалавек. Лагер, у якім я быў са сваімі роднымі, быў названы “Азарыцкі лагер смерці”. Старыя і дзеці паміралі сотнямі, трупы кідалі ў роў з вадой. Выжылі самыя вынослівыя.

18 сакавіка — дзень нашага вызвалення. Раніцай мы ўбачылі, што вароты лагера адкрыты, аховы ніякай няма, ціха і спакойна. Затым прыйшлі нашы салдаты, зрабілі праходы і пачалі выводзіць з лагера ўсіх, хто застаўся жывы…”

Генадзь Паўлавіч Кастко нарадзіўся ў 1932 годзе ў вёсцы Рукавец Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці. Скончыў Бабруйскі дзяржаўны настаўніцкі інстытут, Гродзенскі дзяржаўны педінстытут. Служыў ва Узброеных Сілах СССР. У 1957 годзе па назначэнні Радунскага раённага аддзела народнай адукацыі прыехаў працаваць настаўнікам фізікі і матэматыкі ў Нацкую сярэднюю школу.

З 1964 па 1980 год быў дырэктарам школы. Пры ім у кастрычніку 1969 года быў узведзены будынак сучаснай школы. Генадзь Паўлавіч быў сапраўдным гаспадаром, таму Нацкая школа стала адной з лепшых у раёне. Вялікую ўвагу Генадзь Паўлавіч надаваў кабінетнай сістэме (адным з лепшых стаў кабінет працоўнага навучання, дзе знаходзіліся МТЗ-80 і ГАЗ-51), музейнай справе. У школе быў створаны музей імя У.І.Леніна, які славіўся нават у рэспубліцы. Школа жыла паўнацэнным жыццём. Пастаянна арганізоўваліся турыстычныя паходы, экскурсіі не толькі па Беларусі, але і ў суседнія краіны. З 1980-га да выхаду на заслужаны адпачынак у 1995 годзе працаваў настаўнікам фізікі. Зараз жыве ў Віцебску.

Генадзь Паўлавіч узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі БССР у 1967г., нагруднымі знакамі “Выдатнік народнай асветы”, “Выдатнік санітарнай абароны СССР”, юбілейнымі медалямі да Дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, а таксама “За доблестный труд в ознаменование 100-летия со дня рождения В.И.Ленина”.

Ірына Урублеўская,

кіраўнік музея Нацкага НПК.
Добавление комментария
CAPTCHA
*