Кіраўнік этнаграфічнага музея “Спадчына” Забалацкага НПК Фаіна Войшніс — дыпламант І Рэспубліканскага конкурсу творчых пісьмовых работ у намінацыі “Краязнаўчы далягляд”
Мне пашчасціла ўдзельнічаць ва ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў І Рэспубліканскага конкурсу творчых пісьмовых работ “За што я люблю родную зямлю”. Не ў якасці госця, а дыпламанта ў намінацыі “Краязнаўчы далягляд”.
Аб конкурсе, прымеркаваным да завяршэння Года малой радзімы і аб’яўленым Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, я даведалася ў “Воранаўскай газеце” і вырашыла прыняць у ім удзел. Мне вельмі прыемна, што мовазнаўцы звярнулі ўвагу на маё апавяданне “Родная зямля — крыніца натхнення”. Дарэчы, яны ацэньвалі работы — эсэ, вершы, паэмы, нарысы, апавяданні і навуковыя даследаванні — зыходзячы з адпаведнасці заяўленай тэме, грамадскай актуальнасці, арыгінальнасці, мастацкага ўзроўню і дасканаласці мовы.
— Мы былі прыемна ўражаны, што на працягу ўсяго двух месяцаў у конкурсе прынялі ўдзел больш за 840 чалавек, — адзначыў старшыня журы Ігар Лявонавіч Капылоў, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. — Узроставы дыяпазон — ад шасці год да 91-го. Самы малодшы ўдзельнік — Цімафей Зеньчык з Вілейкі, а старэйшы — Ірэна Уладзіміраўна Цюлюнова з вёскі Фальваркі Астравецкага раёна. У сваіх творах аўтары ў вобразнай форме апісвалі беларускі нацыянальны характар, прызнаваліся ў сваёй любові да мілагучнасці роднай мовы і фальклора, апісвалі значныя падзеі беларускай гісторыі, любімыя мясціны ва ўсёй іх прывабнасці і непаўторнасці. Былі працы, прысвечаныя гісторыі адной вёскі і гісторыі радаводу.
Па выніках даследавання аўтарытэтнае журы адабрала 200 лепшых работ у 12 намінацыях. Іх аўтараў, у тым ліку і мяне, запрасілі ў вялікую канферэнц-залу прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Гэта людзі рознага ўзросту, адукацыі, пасад: вучні і студэнты, аспіранты і кандыдаты філалагічных навук, настаўнікі і музычныя кіраўнікі, урачы і супрацоўнікі бібіліятэк, дворнікі і ветэраны працы. Мы былі нібы адна вялікая сям’я, бо нас аб’яднала любоў да сінявокай, да роднай мовы, гонар за малую радзіму.
З прывітальным словам да нас, пераможцаў конкурсу, звярнуўся старшыня прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук - акадэмік Уладзімір Рыгоравіч Гусакоў:
— Конкурс не толькі адлюстраваў пачуцці глыбокай любові да роднага краю, але дазволіў нам убачыць па-новаму сваё далейшае і цяперашняе. У няпросты гістарычны час, калі наша грамадства выпрабоўваюць на трываласць эканамічныя, палітычныя, сацыяльныя, эпідэміялагічныя фактары, нашы людзі здолелі тварыць, марыць, увасабляць свае пачуцці ў мастацкай творчасці, што надае работам асаблівае эмацыянальнае гучанне і нават напаўняе іх асаблівым патрыятычным пафасам.
Трэба сказаць, што святочны настрой панаваў на працягу ўсёй урачыстасці. Паўсюль гучала сакавітая беларуская мова, краналі выступленні музычных калектываў. Вялікія ўражанні пакінулі экскурсіі па музеі гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, па батанічнаму саду, дзе пабывалі ў аранжарэі трапічных і субтрапічных раслін.
Дадому я вярталася ў прыўзнятым настроі. У руках — з дыпломам пераможцы ў намінацыі “Краязнаўчы далягляд”, медалём-сувенірам і прыгожа аформленай кнігай “99 знаменитых мест Беларуси”. Несумненна, яны будуць маімі сямейнымі рэліквіямі.
Фаіна ВОЙШНІС,
кіраўнік этнаграфічнага музея “Спадчына” Забалацкага НПК.