Добрыя словы

Год малой родины 27 марта 18 2241
11823779

Лёс майго бацькі — гэта лёс тысячы беларускіх мужчын, састарэўшыхся, згорбленых заўчасна да зямлі ад непасільнай працы. Тата быў калгасным механізатарам. У цяжкай працы і клопатах аб нас, дзецях, аб хлебе надзённым прайшло яго жыццё.

Дужы, памяркоўны, справядлівы, ён быў стрыжнем сям’і, душою хаты. І заўсёды вучыў нас любіць працу, у горы не гараваць, людскую пашану здабываць. Але самае галоўнае — бачыць вакол сябе зямную прыгажосць і любіць яе.

На ўсё жыццё запомніўся адзін выпадак. Касіў бацька мяжу ля плота. Вадзіў касою па траве павольна, з улюбёнасцю, быццам баючыся незнарок перакасіць якую-небудзь кузурку. У вачах столькі цеплыні — душа заходзіцца ад пачуццяў. А нашы дзіцячыя сэрцы перапаўняла прага дзейнасці. Мы пачалі камянямі шпуляць у шпакоўню, што вісела на старой грушы. Бацька падышоў да нас і з сумам сказаў:

— Паглядзіце, вунь шпачок крычыць на даху хаты. Крычыць таму, что непрыгожа і кепска вы робіце. Паляціць ён у вырай і больш ніколі да нас не вернецца. Не будзе чуваць яго ранішніх песень, не будзе каму паядаць вусеняў. Яны аб’ядуць лісточкі на дрэвах. І стануць тыя непрыгожымі сухастоямі.

У тую хвіліну маё сэрца перапоўнілася жалем да дрэў, да лісточкаў і шпачка.

Шмат год праляцела з таго часу. Пастарэў бацька, падсохла, неяк “згорбілася” груша. Кара на ёй шурпатая, як бацькавы рукі.

Кожны раз, калі прыязджаю да родных, падыходжу да той грушы. Сяду ў цяньку, прыхінуся да яе ствала спіною і бы адчуваю пяшчотнае цяпло. А над галавой у голлі спявае шпак. І мроіцца, што гэта той самы шпак. Ён не паляцеў ад нас. Дзякуй табе, бацька, за добрыя словы, сказаныя ў патрэбны час. Дзякуй за тое, што навучыў любіць і шанаваць сваю зямлю і родныя мясціны.

Зігмунд Дзякевіч,

в. Пенценішкі
Добавление комментария
CAPTCHA
*