Што рабiць, каб не падкласцi сабе свiнню?

Актуально 15 июля 14 1275
Сітуацыя з афрыканскай чумой свіней як у замежных суседзяў, так і ў нашай краіне не паляпшаецца, а наадварот — ускладняецца. Таму 10 ліпеня на Гродзеншчыне чарговы Дзень інфармавання насельніцтва і быў прысвечаны прафілактыцы АЧС. Каб яшчэ раз нагадаць людзям аб гэтай небяспецы, раённыя інфармацыйныя групы сустрэліся з жыхарамі Доцішскага, Жырмунскага, Гіркаўскага, Пагародзенскага і Бастунскага сельсаветаў. Такая ж сустрэча адбылася і ў Радунскім гарадскім Доме культуры, дзе сабралася не менш за 100 чалавек як з самога пасёлка, так і навакольных вёсак.
З інфармацыяй “Аб мерах па папярэджанні афрыканскай чумы свіней на тэрыторыі Гро-дзенскай вобласці і Воранаўскага раёна ў сувязі з небяспекай распаўсюджвання АЧС” выступіў старшыня Радунскага сельвыканкама Станіслаў Жук. Адзначана, што небяспека распаўсюджвання АЧС узрасла ў сувязі з тым, што ў летні час многа людзей бываюць у лясах (у грыбах, ягадах). А гэта непасрэдны кантакт з прыродай і магчымасць прынесці дамоў на абутку, адзенні вірус АЧС, носьбітамі якога з’яўляюцца хворыя дзікія кабаны, якіх шмат у нашых лясах. Былі яшчэ раз агучаны асноўныя ветэрынарна-санітарныя правілы ўтрымання і вырошчвання свіней у асабістых гаспадарках.

Неабходна разумець, каб папярэдзіць узнікненне новых ачагоў АЧС, патрэбна самая жорсткая прафілактыка не толькі з боку мясцовай улады, але і саміх жыхароў. Бо адзін чалавек сваім неабдуманым крокам можа “пакараць” усю вёску. Мо, ён і не мае сваёй падсобнай гаспадаркі, а заглянуў з лесу да суседа пахваліцца здабыткам, а заадно “ўзнагародзіў” АЧС. Вядома, калі выяўлены хоць адзін выпадак інфекцыі, то ідзе пад нож усё свіное пагалоўе вёскі.

Што тычыцца непасрэдна Радуні і прылягаючых населеных пунктаў, якія ўваходзяць у 5-кіламетровую буферную зону свінаводчага комплекса “Ківанцы”, то тут жыхары адносяцца да праблемы з разуменнем, выконваюць патрабавані дзяржаўных органаў улады і ветэрынарнай службы. Тым не менш, ужо выяўлены факты, што на падворках некаторых гаспадароў зноў з’явіліся свінні. У сувязі з гэтым складзена 10 адміністрацыйных пратаколаў, а парушальнікі прыцягнуты да адказнасці. Таму не трэба рызыкаваць, разлічваць на “авось”, бо могуць быць і больш значныя меры пакарання, нават крымінальная адказнасць.

— Ці ж мы вінаваты, што побач комплекс “Ківанцы”? Як жыць? Дазвольце трымаць хоць аднаго кабанчыка... Дзе купіць свініну? — гэтыя і іншыя пытанні пасыпаліся як гарох з шумнай залы…

І людзей можна зразумець. Свінагадоўля з’яўляецца ад веку важнай галіной гаспадарання сялян, калі не асноўнай крыніцай харчавання і іншых матэрыяльных даброт. Аб усім гэтым, адказваючы на пытанні, тактоўна гаварыў кіраўнік інфармацыйнай групы, старшыня райвыканкама Мікалай Розум. Адно застаецца бяспрэчным — у буфернай зоне комплекса “Ківанцы” СПК “Доцішкі” радыусам у 5 кіламетраў (тое ж самае тычыцца і сфінафермы “Падваранцы” КСУП э/б “Пагародна”) гаспадарам уласных падворкаў катэгарычна забараняецца вырошчваць свіней. За межамі гэтай зоны можна, але пры ўмове выканання ўсіх ветэрынарна-санітарных правілаў. Купіць жа  свініну можна, папярэдне аформіўшы заказ у магазіне аграгарадка Доцішкі. Плануецца неўзабаве адкрыць такі магазін і ў Радуні — памяшканне былога апорнага пункта ўжо перада-дзена сельгаскааператыву “Доцішкі”.  Кіраўніцтву гэтай гаспадаркі таксама даручана разабрацца з пашавымі ўгоддзямі, выдзяленнем кармоў для буйной рагатай жывёлы сяльчан. Прыемнай была і такая навіна — да канца гэтага года, а магчыма і раней, у Радуні запрацуе доўгачаканая бальніца.

Падчас сустрэчы з радунцамі таксама выступілі галоўны ўрач Воранаўскай ЦРБ Аляксандр Ануфрыеў і начальнік Воранаўскага РАУС падпалкоўнік міліцыі Валерый Сцефановіч.

Хочацца адзначыць такую акалічнасць: калі напачатку сустрэча насіла даволі напружаны характар, то напрыканцы людзі жартавалі, усміхаліся. Ну такія мы ўжо: пабурчым, паплачамся, “выпусцім пар” і бу-дзем рабіць так, як патрабуюць таго дзяржаўныя (лічы, асабістыя кожнага з нас) інтарэсы. Мо таму сёння ў краіне беларусаў парадак і спакой. Дарэчы, Міністэрства эканомікі абавязала кіраўніцтва трох абласных рэгіёнаў, у тым ліку і Гро-дзенскай вобласці, перагледзець, у бок зніжэння, цэны на свініну і кураціну.

Вікенцій ПАДГАЙСКІ.

На здымку: падчас сустрэчы ў Радуні.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.
Добавление комментария
CAPTCHA
*