Дзiцячых кнiг запаветныя старонкi

Актуально 28 марта 14 1383

Вясновыя школьныя канікулы традыцыйна распачаліся Тыднем дзіцячай і юнацкай кнігі. Для дасціпных, кемлівых дзяцей, юных аматараў чытання расчынілі свае дзверы бібліятэкі і школы раёна. І запрасілі на сапраўднае свята кнігі.

Першы дзень Тыдня ў Воранаўскай школе прайшоў пад дэвізам: “Я — беларус, я нарадзіўся на гэтай казачнай зямлі…”. Дзеці гаварылі аб тым, што краіна, у якой мы жывем — самае дарагое, што ў нас ёсць. Таму трэба ўсім сэрцам адчуць тую непарыўную повязь і сілу, якую можа даць толькі яна, родная зямля, і жыць у  адзінстве з ёю. Затым дзеці здзейснілі віртуальную экскурсію па “Запаведных месцах Беларусі”. Бібліятэкары Алена Рыхлевіч і Людміла Віршыла падвялі вынікі віктарыны “Люблю цябе, мой край родны”. Пераможцамі сталі пяцікласніца Ліля Казак і шасцікласніца Арына Матуйза.

Маленькія чытачы Канвелішскай сельскай бібліятэкі былі запрошаны на “Падарожжа па казках”. З цікавасцю разглядалі “казачныя” прадметы, падрыхтаваныя для іх бібліятэкарам Таццянай Стэфанаўнай Сініцкай, і спрабавалі адгадаць: каму яны належаць. Заглянулі яны і ў “бюро знаходак” — дапамаглі любімым героям адшукаць згубленыя рэчы. Адчувалася, што дзеці — частыя наведвальнікі бі-бліятэкі і пастаянныя чытачы. Пасля мерапрыемства з цікавасцю знаёміліся з тэматычнымі выставамі: дзіцячых часопісаў і “Добрыя кнігі дзяцінства”. Па словах Таццяны Стэфанаўны, сярод запланаваных мерапрыемстваў прайшоў і конкурс на лепшага чытача. Ацэньвалася не толькі частата наведвання скарбніцы ведаў, але і колькасць ды якасць прачытаных твораў. Самымі актыўнымі былі прызнаны Івона Пільжыс, Інэса і Дыяна Радзюн, Дар’я Наздрын-Платніцкая, Ірына Барэйша, Кацярына Рагальская, Ангеліна Шумская, Юля Мікульская і іншыя.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

На здымку: у Канвелішскай сельскай бібліятэцы.

Фота Наталлі ІВУЦЬ.
Добавление комментария
CAPTCHA
*