Хлебасольна сустракае Воранаўшчына

Актуально 11 февраля 14 1391
Беларусы заўсёды адрозніваліся працавітасцю, талерантнасцю і гасціннасцю. Гэта адзначаюць і госці з-за мяжы, якія прыязджаюць да нас. У апошні час значна ўзрасла цікавасць міжнароднай супольнасці да гісторыі і культуры беларускага народа. Сёння гасціннасць з’яўляецца сінонімам развітай турыстычнай сферы. А ці добра мы самі ведаем родныя мясціны? Год гасціннасці — добрая нагода глыбей унікнуць у гісторыка-культурную спадчыну нашай краіны і роднай Воранаўшчыны.
На тэрыторыі раёна не так даўно пачалі дзейнічаць чатыры турыстычныя маршруты, якія ахапілі памятныя і прыгожыя мясціны. Самы рамантычны напрамак — “Сцежкамі кахання Адама Міцкевіча” — прапануе наведаць сядзібны дом графа Путкамера, узведзены ў ХVIII стагоддзі. Падчас прагулкі па парку і ва ўрочышчы “Гаёк” да ўвагі турыстаў — тэатралізаванае прадстаўленне аб гісторыі кахання Адама Міцкевіча і Марылі Верашчакі, падрыхтаванае супрацоўнікамі Больцініцкага сельскага Дома культуры. Завяршае маршрут наведванне магілы Марылі Верашчакі і касцёла Святога Іаана Хрысціцеля ў Беняконях. Акрамя таго, ся-дзіба і парк — улюбёнае месца моладзі, асабліва ў дзень заключэння шлюбу. Раённы метадычны цэнтр народнай творчасці плануе аказваць паслугу па ўрачыстай сустрэчы маладых, а таксама выязное заключэнне шлюбу супрацоўнікам загса.

Пагародзенскі сельскі цэнтр дасуга і народнай творчасці прапануе маршрут “Дарогаю продкаў”. Ён стане пазнавальным для тых, хто цікавіцца культурнай спадчынай і традыцыямі. Напрамак уключае наведванне ў СЦДіНТ музея “Тут Радзімы маёй пачатак”, майстар-клас з удзелам народнай умеліцы па ткацтву, гульнёвую праграму. Цікавасць вызаве гісторыя жыцця рускага і беларускага военачальніка Кіпрыяна Кандратовіча, які жыў разам з сям’ёй у маёнтку аг. Пагародна, наведванне аб’екта гісторыка-культурнай спадчыны — парку ХVIII стагоддзя. Літаратурна-музычная замалёўка ля помніка дзяўчатам-сузязісткам перанясе турыстаў у часы Вялікай Айчыннай вайны. Асалоду і духоўнае задавальненне атрымаюць ад наведвання касцёла ў Асаве.

Насычаны інфармацыяй і маршрут “Зямля, што нас узгадавала”. Пачынаецца ён з экскурсіі па касцёлу ў вёсцы Нача, наведвання магілы гісторыка і археолага Тэадора Нарбута. Да ўвагі турыстаў таксама памятны камень у гонар паўстанцаў 1863-1864 гадоў і капліца — радавая пахавальня Шукевічаў у Начы. Гэты маршрут таксама суправаджаецца тэатралізацыяй. Паслугу аказвае Нацкі СЦНК.

З наведвання сінагогі, якая існавала ў ХIХ стагоддзі, распачынаецца маршрут “Па старонках гісторыі Радуні”. Сёння ў будынку размешчаны Радунскі гарадскі Дом культуры. Адным з самых жахлівых бакоў фашысцкага акупацыйнага рэжыму было правядзенне генацыду ў адносінах да асоб яўрэйскай нацыянальнасці. У Радуні ў 1942 годзе было створана яўрэйскае гета. Дакументы сведчаць, што тут было знішчана больш за дзве тысячы чалавек, з якіх 850 былі мясцовымі жыхарамі. Наведванне яўрэйскіх могілак і гісторыка-краязнаўчага музея ўзбагаціць таго, хто цікавіцца лёсам людзей і гісторыяй Воранаўшчыны. Турыстычны маршрут прапануе пабываць у мясцовым касцёле, а ў вёсцы Гарадзішча наведаць археалагічны помнік, які датуецца ХV-ХVI стагоддзямі. У ХIХ стагоддзі там былі знойдзены наканечнікі коп’яў, сякеры, манеты. Падчас экскурсій турысты змогуць набыць сувеніры на выставе-продажы Воранаўскага раённага Дома рамёстваў.

Папулярызацыя краязнаўства, арганізацыя экскурсій — тое, што патрэбна, у першую чаргу, нам, жыхарам Воранаўшчыны, а таксама — маладому пакаленню. Калі мы пачнём рэкламаваць нашы мясціны, то і турысты не прымусяць сябе доўга чакаць: вельмі многія аддаюць перавагу гэтаму пазнавальнаму і актыўнаму віду адпачынку.

Больш падрабязную інфармацыю аб арганізацыі маршрутаў і кошце можна даведацца ў раённым метадычным цэнтры і народнай творчасці па тэлефоне 2-24-05.

Турыстычныя маршруты вывучала

Наталля ФЁДАРАВА.

Фота Алега Бельскага.
Добавление комментария
CAPTCHA
*