Гiмназія запрашае да супрацоўніцтва

Актуально 11 февраля 14 2117

Музей ледавіковых валуноў пад адкрытым небам з’явіцца на тэрыторыі Радунскай гімназіі ўжо гэтым летам.

На базе ўстановы распачынаецца рэалізацыя міні-праекта “Валуны крутых дарог мінуўшчыны” ў рамках міжнароднага праекта “Жывая гісторыя майго краю”. Праект рэалізуецца Прадстаўніцтвам зарэгістраванага аб’яднання “Deutscher Volkshochschul-Verband e.V.” (ФРГ) у Рэспубліцы Беларусь.

Рэалізацыя міні-праекта накіравана на пашырэнне ведаў пра гісторыю, культуру, прыродныя каштоўнасці роднага краю і развіццё турыстычнага патэнцыялу рэгіёна.

У бліжэйшы час на старонках раённай газеты будуць змешчаны матэрыялы наконт будучага музея валуноў. Чытачы газеты ў адпаведных нарысах пазнаёмяцца з каштоўнымі ледавіковымі валунамі, якія з’яўляюцца помнікамі прыроды, гісторыі і культуры Воранаўскага краю.

Арганізацыйны камітэт міні-праекта “Валуны крутых дарог мінуўшчыны” запрашае жыхароў Воранаўскага раёна прыняць непасрэдны ўдзел ў стварэнні музея. 3 гэтай нагоды праводзіцца конкурс на лепшы каляровы фотаздымак унікальных ледавіковых валуноў, якія будуць выяўлены на тэрыторыі Воранаўскага раёна ў выніку пошукаў.

Да ўнікальных камянёў можна аднесці ледавіковыя валуны мудрагелістай канструкцыі ў выглядзе куба, паралелепіпеда, піраміды, алепсоіда, шара і г.д.

Гэта таксама могуць быць культавыя валуны, на якіх ёсць выявы слядоў чалавека (імітацыя босай ці абутай ступні або рукі). Побач са слядамі чалавека могуць быць выбіты ямкі, капыты. Да іх адносяцца і камяні са слядамі жывёл (аленя, зайца, мядзведзя, лісы, быка, ваўка, казы, ката), з рознымі знакамі і паглыбленнямі...

Да фотаздымка абавязкова патрэбна прыкласці асноўныя звесткі аб ледавіковым валуне: месцазнаходжанне ледавіковага валуна ў геаграфічнай прасторы, яго назва, параметры каменя (даўжыня, шырыня, вышыня), колер, адметнасці; аўтар здымка, яго месца жыхарства.

Конкурсныя каляровыя фотаздымкі павінны мець памер — 20х30 см.

Аргкамітэт міні-праекта таксама ажыццяўляе збор паданняў і легендаў аб валунах. Лепшыя легенды будуць змешчаны ў зборніку “Праз легенды і паданні — да гісторыі культавых помнікаў” з указаннем аўтарства (хто паведаміў, узрост, месца жыхарства). Матэрыялы конкурсных работ (фотаздымкі, легенды і паданні) просьба высылаць на адрас: вул. Леніна, З6а (Радунская гімназія, дырэктар), 231390, г.п. Радунь, Воранаўскі раён, Гродзенская вобл. або на адрас электроннай пошты: radsh2@tut.by.

Пераможцы конкурсу (6 удзельнікаў) атрымаюць узнагароду, будуць запрошаны на ўрачыстасць, прысвечаную адкрыццю музея ледавіковых валуноў у г.п. Радунь, а выяўленыя імі каштоўныя камяні, сведкі сівой мінуўшчыны, зоймуць сваё пачэснае месца на пляцоўцы музея.

Святлана ЖЭГЖДРЫН,

дырэктар гімназіі.
Добавление комментария
CAPTCHA
*