Майстар-клас ад навукоўца

Актуально 04 февраля 14 2000
29 студзеня у Радунскай гімназіі для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры раёна правёў майстар-клас дацэнт кафедры беларускай літаратуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы Р.К. Казлоўскі. Паколькі нядаўна былі падведзены вынікі абласнога этапу прадметнай алімпіяды па роднай мове і літаратуры, асноўнай тэмай семінара стала падрыхтоўка да яе вучняў.
Руслан Канстанцінавіч падрабязна расказаў пра дапушчаныя дзяцьмі памылкі падчас абласнога этапу алімпіяды, а таксама прывёў прыклады лепшых работ. З асаблівай увагай педагогі слухалі рэкамендацыі, як падрыхтаваць вучняў да такога іспыту. Падчас семінара настаўнікі змаглі задаць лектару хвалюючыя іх пытанні.

У гутарцы з карэспандэнтам “ВГ” Руслан Казлоўскі зазначыў: часамі бывае, што настаўнік мае багаты вопыт працы, ведае патрабаванні і асобныя прыёмы, аднак не валодае іх асноўнымі тонкасцямі ці не ўмее іх звязаць. Таму асноўная задача гэтай сустрэчы — раскрыццё методыкі падрыхтоўкі вучняў да алімпіяды па сродках выяўленых прабелаў у ведах вучняў і, канешне ж, з мэтай удакладнення працы з адоранымі школьнікамі. Руслан Канстанцінавіч даў высокую адзнаку падрыхтоўцы вучняў Воранаўшчыны да навуковай канферэнцыі “Крышталёвая альфа” і абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды. У прыватнасці, адзначыў, як моцны бок, змест і методыку правядзення творчых прац. Як мінус, які паўплываў на вынік алімпіяды, — слабое валоданне тэорыяй літаратуры, блытанне рускамоўных формаў з беларускімі і інш. У якасці станоўчага прыкладу прывёў падыход да даследчай працы. Асаблівую ўвагу навуковец звярнуў на даўняе супрацоўніцтва з Радунскай гімназіяй. Менавіта тут ён назіраў сур’ёзную навуковую збіральніцкую працу фальклорнага матэрыялу, сувязь практыкі і тэорыі. І галоўнае, сабраныя народныя песенны і празаічны матэрыялы выкарыстоўваюцца на ўроках і ў выхаваўчых мерапрыемствах, што характэрна не для ўсіх школ вобласці.

— Патэнцыял у вас вялікі, — лічыць Р.К. Казлоўскі. — У перспектыве настаўнікі могуць заняцца даследаваннем дыялектаў, новых твораў або зборнікаў беларускіх паэтаў ці празаікаў. А багацце Воранаўшчыны на помнікі старажытнай гісторыі — гэта сапраўды непачаты край для навуковай дзейнасці. Дарэчы, мяне вельмі захапляе праца ў дадзеным накірунку Івана Іванавіча Фясенкі.

На развітанне Руслан Канстанцінавіч паабяцаў загадчыку сектара агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Л.І. Запаснік пры магчымасці прыняць удзел у красавіцкай навукова-практычнай канферэнцыі “Дарога ў будучыню”.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота аўтара.
Добавление комментария
CAPTCHA
*