Пытаннi i праблемы? Ёсць…

Актуально 26 ноября 10 1633
На сельскі сход  у вёску Навіянку каманда прадстаўнікоў асноўных раённых служб на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў С.Ул. Конанам прыехала другі раз за гэты год. Пакуль у мясцовы клуб збіраўся народ,  пагутарыла са старшынёй сельскага Савета Людмілай Станіславаўнай Дзекан. А дакладней — пацікавілася яе меркаваннем аб эфектыўнасці сустрэч “народ-улада”.
— Агульнавясковы сход быў у нас вясной. Па пытаннях, якія турбавалі  мясцовых жыхароў і былі агучаны, меры прынятыя. Напрыклад, рэканструіравана каналізацыйная сістэма шматкватэрных дамоў, улічылі пажаданне аднавяскоўцаў па арганізацыі збору і вывазу смецця камунальнай гаспадаркай. Як бачыце, у вёсцы з’явіліся кантэйнеры. З самых злабадзённых засталося пытанне дрэннага стану дарогі на ўездзе ў вёску. Падчас папярэдняй сустрэчы абяцанняў, канешне, наконт яе асфальціравання не далі, патлумачылі прысутным, па  якой  прычыне. Хутчэй за ўсё, гэта пытанне  прагучыць і сёння. Відавочна, большасць  праблем, якія падымаюцца падчас сходаў, вырашаецца, людзям прывозяць карысныя навіны з райцэнтра ды й нам, старшыням сельвыканкамаў, працаваць лягчэй, калі прадстаўнікі зацікаўленых раённых служб пачуюць і пабачаць усе недахопы самі,  — сказала яна.
Пачалася сустрэча з выступлення С.Ул. Бунаса, намесніка начальніка аддзела па ідэалагічнай рабоце і кадраваму забеспячэнню Воранаўскага РАНС. Скажам так, не вельмі жыццярадасна. Гінуць людзі (і нашы землякі таксама) у агні пажараў — сумна, але факт. Таму аб мерах супрацьпажарнай бяспекі не варта забываць у любую пару года. Беленькія “каробачкі” — АПА — прыжыліся ў многіх вясковых дамах. Галоўнае, каб яны былі ў рабочым стане. А то, здараецца,  пачынаюць  пранізліва пішчаць без дай прычыны, нярэдка палохаючы гаспадароў. Так бывае, калі заканчваецца зарад у батарэйках. Набыць новую  (тыпу “Крона”) сяльчанам часам праблематычна, хоць самі АПА прадаюцца ва ўсіх сельскіх магазінах. Можна заказаць іх у паштальёнаў, якія разам з газетамі і пенсіяй даставяць гэты тавар на дом. Ні ў якім разе нельга пакідаць АПА без батарэйкі, а то гэта прылада не будзе “пішчаць” і ў выпадку небяспекі.
Паведамленне пракурора раёна Дз.В. Завадскага зала ўспрыняла неадназначна — хто здзівіўся, хто абурыўся, а хто і парадаваўся. Ён зазначыў, што ў раёне існуе праблема  насілля ў сем’ях. Кожны дзень  у раённы аддзел унутраных спраў паступае каля 10 званкоў з паведамленнем аб сямейных скандалах. Цяпер, калі муж кінуўся з кулакамі на жонку ці членаў сваёй сям’і, распачаты адміністрацыйны працэс не будзе спыняцца, нават калі бакі пажадаюць прымірыцца. Парушальнік усё роўна будзе прыцягнуты да адказнасці.
На тэрыторыі сельскага Савета функцыяніруюць чатыры магазіны, дзе ёсць усё неабходнае, можна набыць бытавую тэхніку ў крэдыт, нават заказаць.
Медыцынскім абслугоўваннем мясцовыя жыхары задаволены, а свайго фельчара ФАПа К.С. Тарчынскую  паважаюць за спагадлівасць і добразычлівасць. І заўвагі, выказаныя сяльчанамі, — толькі ў яе абарону. Крысціне Станіславаўне па спецыфіцы сваёй работы трэба многа куды  паспець за дзень, наведацца не ў адну хату. І яна паспявае. Пешшу… А лягчэй і хутчэй было б на транспарце.
— Яна ў нас маладая, рухавая і энергічная, хаця б скутар ёй у дапамогу! — жартам і ўсур’ёз зазначылі прысутныя мужчыны.
Няёмка жыхарам-пацыентам прыносіць балота на сваім абутку ў памяшканне ФАПа, дастаўляючы “свайму доктару” лішні клопат. Але падысці туды інакш як па пясчанай сцежцы не атрымоўваецца, асабліва шмат бруду наносіцца пасля дажджу. Галоўны ўрач раённай бальніцы А.В. Ануфрыеў запэўніў, што неабходны будаўнічы матэрыял для добраўпарадкавання дарожкі днямі даставяць супрацоўнікі раённай бальніцы, толькі рабочыя рукі прыйдзецца знайсці самім. З атрыманнем  транспарту абнадзейваць не стаў — паведаміў, што ў першую чаргу (па меры паступлення) сродкі будуць скарыстаны на паляпшэнне ўмоў работы фельчара: рамонт памяшкання і абнаўленне медыцынскага абсталявання ФАПа.
Дырэктар Навіянкаўскай базавай школы А.Б. Шчуплова агучыла просьбу ўсяго педагагічнага калектыву: у школе не хапае спартыўнага інвентару. Раней кіраўніцтва звярталася за дапамогай да  сельгаскааператыва. Цяпер, пасля яго далучэння да РУСП с-с “Воранаўскі”, не ведаюць, ці змогуць яны па-ранейшаму калі-нікалі разлічваць на спонсарскую дапамогу сельскагаспадарчага прадпрыемства. Ёсць праблемы і з падвозам дзяцей у сад, старшакласнікаў у школу аг. Канвелішкі — у апошні час іх возяць бацькі на асабістым транспарце.
На хутары ля вёскі Пашэлі засталося трое жыхароў. Адна з жанчын нядаўна перажыла страту дачкі, якая яе, нямоглую, даглядала. Цяпер увесь клопат лёг на плечы сястры-суседкі, якая таксама ў немаладым узросце. Ды праблема ў тым, што дарога, якая вядзе да хутара, у дрэнным стане, і дабрацца да дома можна толькі пешшу. Вось і перажываюць сталыя людзі, што медыкам складана даехаць, ды й калі бяда здарыцца, як быць?
Не задаволены жыхары Навіянкі нерэгулярным адкачваннем каналізацыі. Удзельнікі сходу цікавіліся, па якой прычыне сельгаскааператыў перастаў аказваць паслугу па размолу мукі насельніцтву, калі дойдзе “цывілізацыя” (хуткасны Інтэрнэт і цыфравое тэлебачанне) да іх, калі будзе добраўпарадкаваны кавалак дарогі на ўездзе ў вёску (на мосце).
Некалькі паясненняў дала Л.С. Дзекан. Незадоўга да сходу  ёй якраз удалося вырашыць адно з агучаных пытанняў — заключаны дагавор з Воранаўскім РУЭС на замену АТС у наступным годзе.  Гэта значыць, што з’явіцца і хуткасны Інтэрнэт, і цыфравое тэлебачанне. З сельгаскааператывам таксама ёсць  дагавор па аказанні жыхарам паслугі па адкачванні каналізацыі, нават зацверджаны графік абслугоўвання дадзенага населенага пункта. Для большай зручнасці кліенты цяпер будуць пакідаць заяўкі ў журнале ў дыспетчарскай.
— Апошні раз прадстаўнікі раённай улады сустракаліся з жыхарамі сельскага Савета на Дне адкрытага пісьма ў красавіку. Усе заўвагі і просьбы ў вуснай і пісьмовай форме былі выслуханы, — паведаміла мне І.Я. Пільжыс, старшыня Канвелішскага сельскага Савета. — Пасля таго графік руху аўталаўкі падкарэкціравалі ў адпаведнасці з пажаданнямі жыхароў в. Свілы,  запрацавалі радыёкропкі ў дамах, дапамаглі аднавяскоўцу І.Б. Азароўскаму са спілам пустацелых ліпаў, з’явіліся ў амбулаторыі ўрачы і лабарант, часткова вырашылася праблема з дарожным пакрыццём – цэнтральнай вуліцы аграгарадка. За такі непрацялы адрэзак часу, напэўна, вялікай колькасці пытанняў у аднавяскоўцаў яшчэ не наспела, — сказала яна.
Падчас сходу ў аг. Канвелішкі спраўдзіліся меркаванні Ірыны Янаўны. На гэты раз крытычных заўваг адносна медыцынскага абслугоўвання і работы гандлёвых аб’ектаў не прагучала. Замест іх Аляксандр Валер’евіч Ануфрыеў пачуў ад прысутных словы падзякі ў свой адрас і ў адрас калег-урачоў.
Асабліва чакалі ўдзельнікі сходу выступлення Н.І. Майданец, загадчыцы ЦРА №16 Воранаўскага раёна, таму што чуткі аб закрыцці аптэкі даўно непакояць людзей.  Яна  паведаміла, што фактычна аптэка будзе перамешчана ў другі будынак — продаж лекаў будзе ажыццяўляцца ў самой амбулаторыі фельчарам. Як і раней, жыхары Канвелішак змогуць  набываць тут неабходныя медыкаменты, атаварваць бясплатныя і льготныя рэцэпты. Яшчэ яны звярнуліся да прадстаўнікоў раённай улады з просьбай дапамагчы набыць агароджу і для дзеючых могілак (сваімі сіламі абгарадзілі новы ўчастак), каб месца пахаванняў мела агульны прыглядны выгляд. Вельмі хвалюе ўсіх адсутнасць тратуараў, а гэта асабліва небяспечна для школьнікаў, лёс пустуючых будынкаў у аграгарадку. Многа трапных заўваг прагучала ад ветэрана працы І.Л. Яцэвіча, пенсіянераў Ф.Ф. Барэйшы, Л.Я. Марцішэўскага.
Падводзячы вынікі сустрэчы, С.Ул. Конан паведаміў іх удзельнікам, што з абласнога бюджэту раёну выдаткавана 2 млрд. бел. рублёў і рашэннем Воранаўскага райвыканкама зацверджаны пералік аб’ектаў сацыяльна-культурнай сферы і аб’ектаў добраўпарадкавання па Воранаўскаму раёну, куды будуць скарыстаны грашовыя сродкі. Частка іх размеркавана на ўсе сельскія Саветы, што, безумоўна, дазволіць вырашыць многія праблемы іх жыхароў. 
Вольга кахоцкая.
На здымках: пасля сходу ў аг. Канвелішкі; сход у в. Навіянка.
Фота аўтара. 

Добавление комментария
CAPTCHA
*