Усё робiцца для людзей

Актуально 02 ноября 10 1451
Сельскія сходы ў вёсцы Даўгялы, як адзначыла старшыня Пагародзенскага сельвыканкама Вольга Сінельнікава, праходзяць звычайна ў мясцовым магазіне, дзе і пакупкі зробіш, і з людзьмі пагаворыш, і пра свежыя навіны даведаешся. Таму 26 кастрычніка сустрэча жыхароў вёскі з прадстаўнікамі раённай улады і была назначана ў магазіне, але ў той дзень ён быў зачынены па прычыне хваробы загадчыцы. Вось чаму і прыйшлося гаварыць з людзьмі (на сход сабраліся ў асноўным пенсіянеры) прама на вуліцы, на аўтобусным прыпынку.
— А мы ўжо думалі, што пра нас забыліся, — жартам і адначасова ўсур’ёз сустрэлі сяльчане гасцей.
— Ды не забыліся, вось прыехалі, каб больш дасканала даведацца пра вашы надзённыя праблемы, — павітаўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Святаслаў Конан і запрасіў выказацца ўсіх жадаючых. Пачалі размову  пра медыцынскае абслугоўванне, якое ў цэлым задавальняе людзей. Адзінае, аб чым папрасілі, гэта даць магчымасць жыхарам вёскі прыязджаць на прыём да ўрачоў раённай бальніцы напрамую. Бо каб наведаць медыцынскіх спецыялістаў у Воранаве, трэба спачатку паехаць у Пагародна, атрымаць там за подпісам участковага тэрапеўта медыцынскае накіраванне і толькі потым прыйсці да раённага ўрача. А гэта вельмі нязручна, ды і за дзень не ўправішся. Просьба была ўзята на кантроль, а галоўны ўрач Аляксандр Ануфрыеў паабяцаў разабрацца  ў сітуацыі і па меры магчымасці уключыць вёску Даўгялы непасрэдна ў зону абслугоўвання райбальніцы.
Да начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў Віктара Шчоткі пытанняў не паступіла, а ў сваім выступленні ён зазначыў, што правапарадак ў вёсцы знаходзіцца на добрым узроўні і заклікаў жыхароў больш уважліва ставіцца да зберажэння сваёй маёмасці, бо сквапных на чужое яшчэ хапае.
Што тычыцца забеспячэння кармамі жывёлы, аплаты за здадзенае малако, наяўнасці і асартыменту прадуктаў харчавання ў магазіне, то тут праблем няма. А вось па мясу, каўбасе з падсобнага цэха эксперыментальнай базы “Пагародна” людзі ўжо засумавалі, прадукцыя смачная, танная, можна было купіць і ў крэдыт, пад  будучую зарплату. Як растлумачыў дырэктар гаспадаркі Анатоль Міхневіч, цэх цяпер на рамонце, але да канца гэтага месяца, мо, і раней, прадукцыя паступіць на прылаўкі магазіна. Патрабуе  вырашэння і пытанне па ваданапорнай вежы, нічыя яна цяпер, людзям прыходзіцца самім складвацца, каб утрымліваць яе ў рабочым стане. Было зазначана, што рыхтуецца адпаведная дакументацыя і вежа будзе перададзена на баланс камунальнай службе раёна, але мяняць старыя вадаправодныя трубы і плаціць за іншыя  работы кожнаму гаспадару  прыйдзецца самому, і з такой прапановай усе пагадзіліся.
У гэты ж дзень сельскі сход адбыўся і ў Паляцкішках, дзе перад сабраўшыміся ў школе вяскоўцамі выступілі не толькі  вышэйназваныя кіраўнікі раённых службаў, але і намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Мечыслаў Уляшка, старшыня сельгасвытворчага кааператыва “Мара-Агра” Раман Цыдзік, начальнік пагранічнага паста “Драбішуны” Аляксей Краўчанка, начальнік гандлёвага аддзела райспажыўсаюза Людміла Барановіч. Якіхсьці нявырашаных праблем у сферы медыцынскага, гандлёвага абслугоўвання, вядзенні асабістых гаспадарак людзі не выказалі, што сведчыць аб станоўчай рабоце Паляцкішскага сельвыканкама і яго старшыні Гражыны Журомскай. Аднак вяскоўцы папрасілі арганізаваць больш зручны рух грамадскага транспарту паміж райцэнтрам і аграгарадком, бо асабліва цяжка дабірацца з Воранава дахаты ў вячэрні час.
І ў Даўгялах, і ў Паляцкішках старшыня райсавета дэпутатаў Святаслаў Конан засяродзіў увагу вяскоўцаў на мерах супрацьпажарнай бяспекі, а таксама заклікаў прыняць актыўны ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах, якія маюцца адбыцца ў нашай краіне. 
Вікенцій ЯКОВІЧ.
На здымку: на сходзе ў Даўгялах.
Добавление комментария
CAPTCHA
*