Самы святы абразок душы i самая чыстая споведзь сэрца чалавека

Актуально 19 февраля 13 1658

Міжнародны дзень матчынай мовы — адносна маладое свята: яно было абвешчана на 30-й сесіі ЮНЕСКА па прапанове Бангладэш у 1999 годзе. Свята вучыць нас, беларусаў, ушаноўваць не толькі моўна-культурныя традыцыі роднай мовы, але і развіваць  шматмоўную адукацыю. А сам дзень — 21 лютага — быў абраны таму, што менавіта ў гэты дзень у 1952 годзе загінулі пяцёра студэнтаў, якія змагаліся за наданне мове бангла статуса дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазней стала незалежнай дзяржавай Бангладэш.

Нам у спадчыну засталася ўнікальная мова — жывая і мілагучная, песенная і паэтычная… Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб яна была прызнаная як роўная сярод іншых моў. Таму кожны неабыякавы да свайго лёсу і лёсу сваіх дзяцей беларус павінен зрабіць унёсак для яе развіцця і захавання.

Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, як і няма мовы без яго носьбіта. Няхай гэтае свята стане добрай надзеяй і верай у штодзённае пашырэнне жыцця роднага слова!

Канстанцін КАРНЯЛЮК,

г. Віцебск.

Уладзімір РУЛЬ,

в. Нача

З’явілася зноўку нагода


(Друкуецца ў скарачэнні)

З’явілася зноўку нагода

Успомніць усёй грамадой

Аб гонары важкім народа —

Аб мове спрадвечнай сваёй!

Такой натуральнай і чыстай,

Крынічна-гаючай такой,

Што гімнам душы ўрачыстым

Гучыць яе песенны строй.

Аздоблены повяззю літар,

Нічым не заплямленных слоў,

Ён ёй надае самавітасць

У шэрагу тысячы моў,

Суседніх і вельмі далёкіх

Малых і вялікіх краін,

Радзімы маёй сінявокай

Паўсюдна ўздымаючы чын!..

Дык крочым хутчэй жа, спадарства,

Усёй немалой грамадой

У вабнае моўнае царства

Няспыннай і хуткай хадой!

Словы ветлiвасцi па-беларуску


У паўсядзённым жыцці нам больш звычна чуць словы ветлівасці на рускай мове. Таму часта ў нас узнікаюць такія цяжкасці, як, скажам, прывітацца ці падзякаваць па-беларуску.

Звыклым для нас з’яўляецца зварот з імем па бацьку (Іван Васільевіч), але ён уласцівы рускамоўнаму асяроддзю. Так склалася гістарычна, што ў беларусаў ветлівыя звароты іншыя: “спадар” і “спадарыня”. “Вялікімі гаспадарамі” называліся літоўскія князі. І пры гэтым не ўжываецца імя па бацьку. Калі мы звяртаемся да чалавека, то форма “спадар” ужываецца з імем: спадар Мікалай, спадарыня Алена. Калі ж каму-небудзь расказваем пра чалавека, то да гэтай формы дадаецца прозвішча: спадар Пятроў. Аднак без імя ці прозвішча гэты зварот ужываць непажадана. Згадзіцеся: “Ідзі сюды, спадар” гучыць абразліва.

Як папрасіць прабачэнне па-беларуску? Варта сказаць “Прабачайце”, калі неабходна звярнуць на сябе ўвагу (“Прабачайце! Падкажыце, калі ласка, як прайсці ў кінатэатр?”). Калі ж незнарок камусьці наступілі на нагу, скажам: “Выбачайце, калі ласка!”. Калі вы ўпэўнены, што вельмі правініліся перад чалавекам (напрыклад, узялі якуюсьці рэч і сапсавалі), са спачуваннем вымаўце: “Даруйце, калі ласка”. Бачыце, як штосьці абмяркоўваюць вашы сябры, і хочаце ўключыцца ў размову — “Перапрашаю!” будзе сказана дарэчы. Пасля чаго можна і ўступіць у дыялог.

Слова “дзякуй” прыйшло да нас з польскай мовы, якая, у сваю чаргу, запазычыла яго з нямецкай. Беларусы пры выражэнні ўдзячнасці ўжываюць: “Прымі, калі ласка, падзяку за...”, “Шчыры дзякуй!”, “Вялікі дзякуй!” ці (іранічна) “Дзякуй табе за ласку!”.

Падрыхтавала Каміла КАНЕВІЧ.
Добавление комментария
CAPTCHA
*