З клопатам пра аднавяскоўцаў
Недалёка ад Больцішкаў прытулілася невялічкая вёсачка Волдацішкі. У ёй пражываюць 46 чалавек, якія ў большасці сваёй дасягнулі 70-80-гадовага ўзросту. Канешне ж, сталым людзям патрэбна дапамога і падтрымка як у гаспадарчых справах, так і ў побыце. На-дзейнай апорай са жніўня 2010 года стаў для іх стараста, дэпутат Больцішскага сельскага Савета Валянцін Станіслававіч Дудзевіч. І гэта не дзіўна: хто ж будзе ведаць праблемы вяскоўцаў лепш, як не іх зямляк!..
Клапаціцца ж аб жыхарах Волдацішкаў (а таксама вёсак Татаршчына, Янавічы, хутароў Вільбікі, Гештаўты) стала добрым абавязкам для Валянціна Станіслававіча. Ды і яны не нарадуюцца са свайго старасты: прадукты харчавання ім дастаўляе, пры неабходнасці прывозіць да хворых фельдшара з суседніх Больцішкаў. У дадатак і сама вёска пахарашэла: навокал парадак, прысядзібныя ўчасткі прыбраныя, чыста на могілках і каля капліцы імя святой Марыі Магдалены. Таксама Валянцін Дудзевіч спрыяе мясцовай уладзе ў “вырашэнні лёсу” старых хат, якія пустуюць, ведае, у каго і ў якім стане знаходзяцца печкі, сочыць за тым, каб у сталых людзей не ўзнікала праблем з пажарнай бяспекай. Адным словам, з многімі паўсядзённымі клопатамі аднавяскоўцы звяртаюцца менавіта да яго.
Акрамя таго, што Валянцін Станіслававіч працалюбівы і безадказны чалавек, ён яшчэ і актыўны, і ініцыятыўны. Дзякуючы яго намаганням Волдацішкі ў свой час трапілі ў зону абслу-гоўвання аўталаўкі. Зараз па просьбе сяльчан, як дэпутат, ён унёс прапанову абазначыць месца прыпынку аўтобуса каля павароту на вёску. Ёсць у старасты і мара — абазначыць уезд у родную мясціну малой архітэктурнай формай — знакам з каменю. Праект ужо падрыхтаваны, валун, які будзе выконваць гэтую функцыю, знойдзены. Застаецца толькі яго размаляваць і дачакацца вясны, каб устанавіць.
Як бачым, у Валянціна Станіслававіча Дудзевіча ўсё пад кантролем. І ўсё атрымліваецца. Гэта ў многім дзякуючы таму, што на карысць людзей і стараста, і старшыня мясцовага сельсавета Марыя Станіславаўна Скорб, і кіраўніцтва гаспадаркі працуюць сумесна.
Марына КАНДРАТОВІЧ.
Фота Алега БЕЛЬСКАГА.