Восеньскія кірмашы ў Воранава і Радуні (фота)

Актуально 30 октября 12 1669

Восеньскія кірмашы — самае чаканае ў народзе свята — адбыліся ў мінулую суботу на Воранаўшчыне. У гарадскім пасёлку Радунь на прыгожа аформленых падворках сваю  прадукцыю дэманстравалі і прадавалі пяць сельгасвытворчых кааператываў. Асабліва шмат пакупнікоў сабралася каля гандлёвых прылаўкаў гаспадаркі “Доцішкі”: мяса свініны (32 тысячы за кілаграм) і 20 жывых пародзістых парасят (30 тысяч рублёў за кілаграм жывой вагі) былі раскуплены за вельмі кароткі час. Вялікім попытам карысталіся сыры “Марыянна”. Імгненна разабралі і 240 кілаграмаў жывых карпаў і таўсталобіка коштам 20-23 тысячы за кілаграм. Дарэчы, як расказала прадавец рыбы Валянціна Нявера, пачынаючы з 11 кастрычніка рэалізавана ўжо 5 тон 300 кілаграмаў рыбы, а каса гаспадаркі папоўнілася амаль на 140 мільёнаў рублёў.

Шматлюдна было і каля машын, з якіх прадавалі па паўтары тысячы зерне пшаніцы, трыцікале, ячменю і кукурузы гаспадаркі “Гіркі”, Забалацкі-агра”, “Больцішкі” і “Місявічы”. Бралі не па аднаму мяшку (75 тысяч за адзін), а па некалькі.

— Купіла 300 кілаграмаў ячменю, змялю, будзе чым сваю жывёлу карміць, — задаволена ўсміхнулася мілавідная Аліна.

— Маглі б і больш збожжа прывезці, — грузячы мяшок на веласіпед, буркнуў мужчына. — З той вунь машыны перакупшчыкі амаль усё зерне скупілі, а іншым і не хапіла.


Так гэта было ці не, высвятляць не стаў, бо скаргаў такіх больш не чуў. Але поўнасцю пагаджаюся з тым, што гаспадаркі на продаж прывезлі мала прадукцыі. Такія кірмашы толькі ж раз на год праводзяцца, няўжо так складана задаволіць попыт людзей на тое ж зерне? Калі ёсць лішак, то чаму б гаспадаркам раёна па чарзе не арганізаваць яго продаж, напрыклад, у рыначныя дні? Хаця, па праўдзе кажучы, дзе і па якой цане прадаваць, справа саміх жа гаспадарак, для якіх кожны рубель лішнім ніколі не бывае. Гэтак жа лічаць і фермеры, якія гандлявалі на кірмашах капустай, морквай, цыбуляй і сталовымі буракамі. Не абыйшлося, праўда, без недахопаў і тут. Калі ў Воранаве той жа капусты і цыбулі было з ліхвой, то ў Радуні не хапала. І наогул, у жыхароў райцэнтра, тут свой тавар прапаноўвалі гаспадаркі “Эліт-Агра Больцінікі”, “Кастрычнік”, “Пагародна”, “Тракельскі”, “Ранак-Агра” і “Воранаўскі”, выбар быў значна шырэйшы. Акрамя збожжа, рыбы, гародніны, людзі маглі таксама прыдбаць муку, грэчку, рыс, алей, насенне элітнай бульбы. Прадавалі свае вырабы і народныя майстры.


На славу папрацавалі падчас кірмашоў і работнікі культуры. Яны не толькі аформілі шыкоўныя падворкі гаспадарак, але парадавалі народ папулярнымі песнямі і музыкай, пад якія і прадавалася, і куплялася весялей.


Шчырую падзяку кіраўнікам і працаўнікам гаспадарак раёна за праведзеныя кірмашы выказалі не толькі жыхары Радуні і Воранава, але і аўтарытэтныя камісіі ў складзе супрацоўнікаў райвыканкама, упраўлення райсельгасхарча, старшынь Радунскага пасялковага і Воранаўскага сельскага выканкамаў. За ўдзел у кірмашах грашовымі прэміямі адзначаны ўсе гаспадаркі, а СВК “Доцішкі” і КСУП э/б “Пагародна” былі ўдастоены першых месцаў.

Вікенцій ЯКОВІЧ.

На здымках: кірмашовыя радасці.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА і Сяргея ГРЫЧЫКА.













Добавление комментария
CAPTCHA
*