Міністр інфармацыі Лілія Ананіч — аб дзяржаўным узроўні і міжнародным значэнні 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і аб пераемнасці ў выдавецкай справе

Актуально 14 апреля 17 1441
d80b3c6ab2c551c4b7387428b2d17c9b

Другая сесія Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання стала пляцоўкай для разгляду тэмы 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, для размовы ўвогуле пра сучасны стан кнігадрукавання. З дакладам па гэтай тэме выступіла старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Ірына Старавойтава, з судакладамі — міністр інфармацыі Лілія Ананіч і член-карэспандэнт НАН, доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Каваленя. У сваім выступленні міністр інфармацыі Лілія Ананіч звярнула асаблівую ўвагу як на гістарычны складальнік тэмы, так і на сённяшні стан у развіцці кнігавыдання ў краіне. З пытаннямі на тэму 500-годдзя беларускага кнігадрукавання мы і звярнуліся да Ліліі Ананіч.

— Лілія Станіславаўна, відаць, упершыню на такім высокім узроўні разглядаліся пытанні 500-годдзя беларускага кнігадрукавання...

— Безумоўна, разгляд у Савеце Рэспублікі тэмы 500-годдзя беларускага кнігадрукавання сведчыць пра вялікі клопат дзяржавы аб умацаванні духоўнасці беларускага грамадства. І ў мяне была магчымасць выказаць словы падзякі ад усёй галіны Савета Рэспублікі за ўнясенне ў парадак дня сесіі такога надзвычайнага пытання. Дарэчы, адным са складальнікаў разгляду стала і дэманстрацыя кніжнай выстаўкі і экспазіцыі "Друкарскі двор ХVІ стагоддзя". На пасяджэнні другой сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у шэрагу іншых разглядалася пытанне "Аб нарматыўна-прававым рэгуляванні выдавецкай дзейнасці, святкаванні 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і мерапрыемствах, прымеркаваных да Года навукі". Атрымаўся грунтоўны разгляд.

— Цяпер актыўна працуе арганізацыйны камітэт па святкаванні 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Вы і міністр культуры з'яўляецеся старшынямі камітэта. Праводзіцца досыць шмат мерапрыемстваў. Але ж, зразумела, мерапрыемствы, іх колькасць — не самамэта...

— І я прытрымліваюся гэтай думкі. Лічу, што важна зразумець, асэнсаваць месца і ролю Скарыны, яго крокаў як першапраходца ў справе фарміравання кніжнай культуры на ўсходнеславянскіх землях, у Беларусі... Пагадзіцеся, што ў гісторыі кожнай краіны ёсць падзеі і з'явы, якія лічацца светачам развіцця народа. Сваім зместам, сваімі ўплывамі на свядомасць грамадзян якраз яны фарміруюць грунт гуманістычнага будаўніцтва краіны. Такой падзеяй, такой з'явай уяўляюцца і вытокі беларускага кнігадрукавання, крынічны штуршок якім даў легендарны асветнік, першадрукар усходнеславянскіх зямель, наш суайчыннік Францыск Скарына.

Сын свайго часу, Скарына быў яркім увасабленнем тых падзей, што адбываліся ў Беларусі і на суседніх землях болей як паўтысячы гадоў назад. Здолеўшы набыць веды па многіх галінах, вывучыўшы чатыры ці пяць моў, маючы прагу да падарожжаў, Францыск Скарына прыняў для сябе, а як пасля высветлілася — і для ўсёй беларускай гісторыі, лёсавызначальнае рашэнне: выкласці Біблію на зразумелай усім мове. Так, у Празе, грунтуючыся на еўрапейскім вопыце, маючы на ўвазе чэшскія, італьянскія і нямецкія выданні, углядаючыся ў стараславянскія, стараяўрэйскія, грэчаскія і лацінскія тэксты, наш зямляк пераклаў і выдаў 22 кнігі Бібліі. Так быў зроблены важкі па сваёй сутнасці і па разуменні перспектыў будаўніцтва новага грамадства крок.

І ў сілу гэтага Францыска Скарыну можна смела залічваць у спіс "тытанаў" эпохі Адраджэння.

— Скарыну з вышыні сённяшняга часу, пэўна, падыходзіць і такое вымярэнне — дыпламат, місіянер з Беларусі?..

— Не ведаю, што вы маеце на ўвазе пад місіянерствам, а вось дыпламатычная місія Скарыны доўжыцца і сёння... Падарожнічаючы па блізкіх і далёкіх краінах, ад Масквы да Падуі, Францыск Скарына разбураў сярэдневяковую замкнутасць і абмежаванасць. За кароткі адрэзак часу беларускі асветнік выканаў такі абсяг працы, на які прадстаўнікам іншых народаў не хапала жыцця. Зброяй першадрукару служыла друкаванае слова. І не бачыць, не асэнсоўваць гэта сёння проста нельга.

— Лілія Станіславаўна, якімі ўсё ж найболей важкімі набыткамі мы можам сведчыць, што справу Скарыны і яго найбліжэйшых наступнікаў, справу тых, хто здолеў зрабіць кнігу складальнікам культуры, складальнікам цывілізацыйнага жыцця, цывілізацыйнага існавання, мы прадаўжаем дастойна?

— Пяцісотгоддзе беларускага кнігадрукавання мы сустракаем у клопатах, рабочых справах па развіцці нацыянальнага кнігавыдання. І Беларусь, асабліва гэта падкрэсліваю, мае вялікія набыткі найперш дзякуючы вялікай дзяржаўнай падтрымцы.

    Мы ганарымся, што ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў толькі ў нашай краіне ў 2012 годзе прыняты Закон "Аб выдавецкай справе ў Рэспубліцы Беларусь". Нагадаю, што ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі 2012 год быў абвешчаны Годам кнігі.

Для кнігавыдаўцоў і ўсіх, хто разглядае кнігу як найвялікшую каштоўнасць, гэты год меў працяг і ў Годзе культуры, і зараз, у Годзе навукі.

Дазволю сабе прывесці некалькі лічбаў. У іх — выразная характарыстыка зробленага. Нягледзячы на імклівае развіццё новых інфармацыйных тэхналогій, кніга па-ранейшаму займае значнае месца ў адукацыйным і духоўным жыцці нашага грамадства — у 2016 годзе ў Беларусі выдадзена звыш дзесяці тысяч назваў кніг агульным накладам больш за 23 мільёны экзэмпляраў. Апошнімі гадамі штогод павялічваецца выпуск кніг на беларускай мове — у сярэднім 1200 назваў на год накладам каля 4 мільёнаў экзэмпляраў.

Выдавецкай дзейнасцю займаюцца больш за 500 выдавецтваў розных формаў уласнасці і амаль 1500 суб'ектаў распаўсюджваюць друкаваныя выданні. Такая статыстыка далёка не кожнай краіне СНД пад сілу. А за статыстыкай яшчэ і справы, самі кнігі, многія з якіх выклікаюць рэзананс, розгалас ва ўсім свеце, а не толькі ў нашай краіне. Пра гэта сведчаць і друк, і згадкі пра нашы кніжныя праекты на многіх электронных рэсурсах, у сацыяльных сетках.

— І трэба падкрэсліць, што найбольшая колькасць знакавых здзяйсненняў — гэта здабыткі дзяржаўных выдавецтваў...

— А іначай і быць не можа. Менавіта Міністэрства інфармацыі ажыццяўляе рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў галіне кнігавыдання.

    Штогод аказваецца значная фінансавая падтрымка нацыянальнаму кнігавыданню ў выглядзе частковага бюджэтнага фінансавання выпуску сацыяльна значнай літаратуры. Прывяду яшчэ адну лічбу. У 2016 годзе на гэтыя мэты выдаткавана звыш 2 мільёнаў рублёў.

На дзяржаўным узроўні падтрымліваюцца праекты ў адпаведнасці з даручэннямі кіраўніка краіны, урада, нацыянальнымі і дзяржаўнымі праграмамі. А гэта — розныя прадстаўнічыя выданні, прысвечаныя знакавым юбілейным датам, нацыянальныя энцыклапедыі, навуковая і вучэбная кніга, а таксама кнігі краязнаўчай тэматыкі, па гісторыі, эканоміцы, культуры Беларусі.

— Наша суверэнная Беларусь набывае велізарны вопыт палітычнага, сацыяльнага будаўніцтва. Фактычна ў апошнія дзесяцігоддзі фарміруюцца і грамадства і краіна з новымі характарыстыкамі. І гэтыя з'явы патрабуюць асэнсавання. У тым ліку, магчыма, гэта варта рабіць праз канкрэтныя кніжныя праекты?

— Зараз Нацыянальнай акадэміяй навук распачынаецца рэалізацыя маштабнага дзяржаўнага праекта, зацверджанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 9 сакавіка 2017 года "Аб падрыхтоўцы і выпуску навукова-папулярнага выдання "Рэспубліка Беларусь — 25 гадоў стварэння і здзяйсненняў", у якім будуць адлюстраваны этапы фарміравання і ўмацавання беларускай дзяржаўнасці, сацыяльна-эканамічнага і гуманітарнага развіцця краіны.

— Чытач сёння досыць патрабавальны. Ён чакае і ад выдавецтваў, і ад саміх пісьменнікаў нечага новага... Пэўна ж, няпроста ў гэтым плане працаваць выдавецтвам, якія апякуюцца мастацкай літаратурай?

    — Не буду называць канкрэтныя творы. Скажу толькі, што і я як чытач шукаю іх, уважліва праглядаю ўсё, што друкуюць у дзяржаўных і прыватных выдавецтвах... Радуюся, калі з'яўляюцца новыя серыі. Заўважу, дарэчы, што шмат выдаецца перакладной літаратуры.

— Так было заўсёды ў Беларусі... Можна згадаць моцных перакладчыкаў замежнага мастацкага слова з розных пакаленняў...

— Але выдадзенае сёння — гэта не перадрукі, не перавыданні, а кнігі арыгінальныя. Шмат перакладаецца і выдаецца польскай, украінскай літаратуры. Заўважна руплівасць Выдавецкага дома "Звязда", вакол якога аб'ядналася група кітаістаў. І на беларускую мову сучасную і класічную кітайскую паэзію для серыі "Светлыя знакі. Паэты Кітая" перакладаюць ужо з арыгінала.

Цяпер найважнейшым кірункам дзейнасці беларускіх выдавецтваў таксама з'яўляецца выпуск мастацкай літаратуры беларускіх аўтараў менавіта для папаўнення фондаў публічных бібліятэк, кніг для дзяцей-інвалідаў па зроку шрыфтам Брайля, аўдыякніг з праграмнымі творамі беларускіх пісьменнікаў.

Шырокую вядомасць набылі серыі кніг "Залатая калекцыя беларускай літаратуры", "Жыццё знакамітых людзей Беларусі", "Славутыя мастакі з Беларусі", "Наш сучаснік", "Асобы".

    Беларусь мае вялікі вопыт энцыклапедычнага кнігавыдання. У дапаўненне да васямнаццацітомнай "Беларускай энцыклапедыі" ў апошнія гады выдадзены сямітомная энцыклапедыя "Рэспубліка Беларусь" на рускай мове, энцыклапедыі "Гарады і вескі Беларусі", "Рэгіёны Беларусі", "Культура Беларусі". Яны сталі неацэнным скарбам для будучых пакаленняў.

— Несумненным канкурэнтам папяровай кнізе становіцца яе паплечніца — кніга электронная... І што ў краіне робіцца з увагі на вартасці яе развіцця?

— Мы толькі што гаварылі пра энцыклапедычнае кнігавыданне... Літаральна цяпер Міністэрствам інфармацыі прымаюцца захады па стварэнні ў 2018—2022 гадах электроннай энцыклапедыі "Рэспубліка Беларусь". З улікам развіцця сучасных інфармацыйных тэхналогій ёсць велізарная патрэба ў стварэнні электроннага пашпарта краіны, шматузроўневай базы дакладных ведаў у інтэрнэт-прасторы аб суверэннай дзяржаве — Рэспубліцы Беларусь.

Упэўнена, што гэты праект будзе падтрыманы на самым высокім дзяржаўным узроўні, з'явіцца лагічным працягам друкаванага навукова-папулярнага выдання, якое цяпер ствараецца, "Рэспубліка Беларусь — 25 гадоў стварэння і здзяйсненняў".

— Як Скарына імкнуўся расказаць пра Беларусь з дапамогай кнігі, так, відаць, і сёння нельга не ўлічваць гэты шырокі прасцяг?

— Нацыянальнае кнігавыданне — найважнейшы складальнік міжнароднага гуманітарнага супрацоўніцтва — 30 краін свету былі гасцямі Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі. Беларуская кніга штогод з гонарам прадстаўляе краіну на прэстыжных міжнародных кніжных выстаўках. Дапамагаюць нам у гэтым і ўдзельнікі традыцыйнага міжнароднага сімпозіума "Пісьменннік і час", які штогод праводзіцца ў краіне ў межах кніжнай выстаўкі.

Такі плён, такія здабыткі, забяспечаныя ўсямернай дзяржаўнай падтрымкай, даюць самыя шырокія падставы для маштабнага ўшанавання даты 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў нашай краіне і далёка за яе межамі.

Створаны распараджэннем урада Рэспубліканскі аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзенні святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання зацвердзіў змястоўную праграму мерапрыемстваў, якая кансалідуе працу органаў дзяржаўнага кіравання, абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў, арганізацый і ўстаноў. І ў межах праграмы — цэлы шэраг міжнародных мерапрыемстваў. За першыя месяцы гэтага года мы прадставілі і айчыннае кнігавыданне, і саму дату 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і ў Францыі, і ў Літве, і ў Вялікабрытаніі, і ў Казахстане. Плануюцца шырокамаштабныя мерапрыемствы і ў іншых краінах свету. Правядзём навукова-практычныя канферэнцыі, круглыя сталы, прэзентацыі новых скарыназнаўчых кніг.

Разам з прадстаўленнем беларускай кнігі на выстаўках у Расіі, Польшчы, Чэхіі, Сербіі, Кітаі да ўдзелу ў круглых сталах запросім шырокую грамадскасць гэтых краін. І паспрабуем разам асэнсаваць усю веліч подзвігу Скарыны, яго ролю ва ўмацаванні беларускай дзяржаўнасці.

    Шмат медыйных ініцыятыў пабачым у найбліжэйшы час мы і на старонках рэспубліканскіх выданняў. У якасці інфармацыйных пляцовак задзейнічаны інтэрнэт-рэсурсы сродкаў масавай інфармацыі, акаўнты ў сацыяльных сетках. Цікавыя праекты запланаваны нацыянальнымі тэлеканаламі.

А дамінантнай падзеяй 500-годдзя беларускага кнігадрукавання стане Дзень беларускага пісьменства ў Полацку.

Справа Скарыны — спадчына чалавецтва. Гэтай ідэяй прасякнуты і праект Міністэрства інфармацыі "Францыск Скарына на мовах народаў свету". Ужо ажыццёўлены пераклад і выдадзена кніжным фарматам на дзясятках моў свету прадмова Францыска Скарыны да "Кнігі Юдзіф". Рыхтуецца міжнародная тэлевізійная версія праекта.

— Дзякуй, Лілія Станіславаўна, за такі падрабязны расказ пра тое, чым сёння сапраўды можна ганарыцца ў галіне айчыннага кнігавыдання.


— І хачу вось што дадаць. Юбілейная дата пройдзе. Застануцца як пазнакі кнігі, публікацыі, памяць пра многія добрыя падзеі. І ў нашай свядомасці павінна застацца разуменне таго, што Скарына і яго справы надзвычай сучасныя, патрэбныя нам... Як і маюць сучаснае гучанне словы Скарыны, якія сцвярджаюць пачуццё гонару за Айчыну і бязмежную пашану да сваёй малой радзімы.

Патрыятычныя пачуцці любові да роднай краіны, узаемапавага з іншымі народамі — найвялікшая каштоўнасць, якую сцвярджае Беларусь у свеце. Гэта наш духоўны запавет для ўсёй чалавечай супольнасці.
 


Фото Надзеі БУЖАН

Сяргей Паўлаў, “Звязда”
Добавление комментария
CAPTCHA
*