Пад знакам Скарыны

Актуально 08 марта 17 1375
EC08832B-346D-4614-ABEF-DEC2E2EF1622_mw1024_mh1024_s

Што можа быць лепшым падарункам на 500-годдзе беларускага кнігадрукавання? Вядома ж, кніга. Іх сёлета, у першую чаргу звязаных з імем Скарыны, будзе шмат. Ужо прайшло некалькі прэзентацый розных выданняў, але гэта толькі першыя крокі на шляху да маштабнага святкавання, якое адбудзецца ў верасні.

 «Францыск Скарына са слаўнага горада Полацка», «Францыск Скарына. Чалавек свету» — гэта толькі некалькі назваў кніг, якія ўжо выйшлі з друкарняў. Наперадзе яшчэ шмат сюрпрызаў. Адзін з іх — «Энцыклапедыя жыцця і дзейнасці Скарыны і яго паслядоўнікаў». Падобнае выданне ўжо бачыла свет у пачатку 1990-х гадоў. Зараз жа яно будзе дапрацавана. Намеснік міністра інфармацыі Алесь Карлюкевіч лічыць, што гэтая кніга будзе цікавая не толькі знаўцам прадмета, але і масаваму чытачу.

Але самым значным выданнем гэтага года стане 20-томнае факсімільнае выданне твораў Скарыны.

Восенню адбудзецца прэм’ера дакументальнага фільма «Першадрукар».

— Больш як пяць гадоў мы мэтанакіравана працавалі над гэтай кнігай. Да нас нават ніхто і спробы не рабіў сабраць усю спадчыну першадрукара, што называецца, пад адной вокладкай. Мы павінны былі адказаць на пытанні, колькі выданняў Скарыны захавалася ў свеце і ў якім яны стане, а таксама атрымаць дазвол розных краін, каб працаваць з імі, — расказаў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі. — Раней лічылася, што ў свеце захоўваецца 350 арыгінальных асобнікаў  Скарыны, але сёння мы называем лічбу 520. І кожны з гэтых аркушаў увайшоў у факсімільнае выданне, якое можна лічыць вынікам нашай пяцігадовай навуковай і пошукавай працы.

Гэта праект сацыяльны, а не камерцыйны, таму на паліцах магазінаў яго нельга будзе знайсці. Плануецца выдаць тысячу экзэмпляраў. У першую чаргу яны будуць падораны замежным установам, дзе зараз захоўваецца арыгінальная спадчына Скарыны.  Таксама яны трапяць ва ўсе раённыя бібліятэкі і профільныя навучальныя ўстановы Беларусі.

Але больш за ўсё падарункаў і сюрпрызаў будзе восенню. У першыя выхадныя верасня ў Полацку пройдзе Дзень беларускага пісьменства. Акрамя традыцыйных мерапрыемстваў запланавана шмат праектаў, звязаных з імем Скарыны. Адбудзецца прэм’ера дакументальнага фільма «Першадрукар», будзе паказаны спектакль Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі па п’есе Віктара Марціновіча, якая перамагла на адмысловым конкурсе. Нацыянальны гістарычны музей прэзентуе мультымедыйную выставу «Вандроўкі з Францыскам Скарынай» і г. д.
Добавление комментария
CAPTCHA
*