Факультатыў ці платная паслуга?

Актуально 24 августа 10 1762
Напярэдадні новага навучальнага года бацькоў асабліва хвалюць пытанні: якія дадатковыя заняткі можа прапанаваць школа іх дзецям, каб тыя павысілі якасць ведаў, чым адрозніваюцца факультатыўныя заняткі ад заняткаў на платнай аснове? На гэтыя пытанні я папрасіла адказаць Людмілу Іосіфаўну Запаснік, галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі (на здымку), якая патлумачыла:
— Згодна з вучэбным планам на 2010-2011 навучальны год вучням школ раёна прапануецца варыятыўнае навучанне — гэта факультатыўныя, стымулюючыя, падтрымліваючыя заняткі, а таксама заняткі на платнай аснове. Усё гэта ў савакупнасці дапамагае ім паглыбіць веды па вывучанаму матэрыялу, пашырыць свой кругагляд. Што сёння ад нас патрабуюць бацькі і вучні? Паступлення. Падрыхтоўка дзіцяці да паспяховага паступлення ў ВНУ або ССНУ будзе больш гарантаванай, калі яно скарыстае з магчымасці наведвання дадатковых платных адукацыйных паслуг, на якіх настаўнік, неабмежаваны рамкамі вучэбных і факультатыўных праграм, арганізуе сваю працу з вучнямі. У раёне ёсць станоўчы вопыт, калі якасна арганізаваныя заняткі на платнай аснове ўжо не першы год спрыяюць паступленню вучняў у вышэйшыя навучальныя ўстановы (Жырмунская СШ, Беняконская СШ, Воранаўская СШ і іншыя).
— Людміла Іосіфаўна, раскажыце, калі ласка, пра змест платных паслуг?
— Платныя адукацыйныя паслугі дазваляюць больш якасна падрыхтавацца да экзаменаў і цэнтралізаванага тэсціравання, дапамагаюць больш глыбока вывучаць прадмет, калі вучняў і іх бацькоў не задавальняе змест праграм факультатываў, колькасць гадзін, выдзеленых на іх вывучэнне, або патрабуецца карэкцыя ведаў пры вывучэнні таго ці іншага прадмета. Заняткі на платнай аснове звычайна праводзяцца з групай вучняў, што дазваляе ўлічваць іх індывідуальныя магчымасці. З мінулага года ў радзе школ была запатрабавана такая платная паслуга, як рэпетытарства, дзе вучні займаліся па індывідуальных праграмах.
— Як я разумею, гэта прапаноўваецца навучэнцам школ, а якія паслугі аказвае сваім выхаванцам дашкольная адукацыя?
— У кожнай дашкольнай установе па жаданні бацькоў могуць быць арганізаваны, акрамя бясплатных, платныя паслугі па вывучэнні замежнай мовы, гурткі тэатральнай, гульнёвай, музычнай, выяўленчай дзейнасці. Ёсць вопыт па арганізацыі груп караткачасовага прабывання па падрыхтоўцы дзяцей да школы. Можа быць наладжана работа груп выхаднога і святочнага дня, “Мацярынскай школы” для дзяцей да 3 год і іх бацькоў, а таксама арганізавана выхаванне і навучанне дзяцей дома па праграме дашкольнага выхавання. Дарэчы, вопыт працы адаптацыйнай групы дазваляе пазбегнуць стрэсу пры паступленні ў дашкольную ўстанову. Хачу падкрэсліць, што паслугі аказваюцца толькі па жаданні бацькоў, якія лічаць патрэбным творча развіваць дзяцей і ўдасканальваць іх веды.
— Думаю, што бацькоў будзе хваляваць пытанне кошту платных паслуг.
— Гэта досыць невялікія грошы. Больш дакладна пра кошт можна даведацца ў кіраўнікоў устаноў адукацыі, а таксама ў аддзеле адукацыі па тэлефонах: 2-51-01, 2-24-84.
— Хутка школьны званок пакліча вучняў за парты, таму між іншым узнікае пытанне: ці дзеці, якім неабходна матэрыяльная дапамога, сабраны ў школу?
— У раёне праводзіцца акцыя “Сабяры дзяцей у школу”, у межах якой на пачатак жніўня была аказана матэрыяльная дапамога 81 школьніку ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама на суму 14,5 млн. рублёў. Таксама да 1 верасня ўсім арганізацыям, сельгаскааператывам, прадпрыемствам прапанавана дапамагчы бацькам па месцы працы, каб іх дзеці змаглі распачаць новы навучальны год з радаснай усмешкай. Усім вучням напярэдадні свята Дня ведаў хачу пажадаць поспехаў у вучобе і добрых адзнак!
— Дзякую, Людміла Іосіфаўна, за змястоўную гутарку. Мяне Вы пераканалі ў тым, што дзеці і іх бацькі, якія зацікаўлены ў глыбокім вывучэнні прадмета, падрыхтоўцы да экзаменаў і ЦТ, паступленні ў ВНУ і ССНУ, скарыстаюць з магчымасці платных паслуг. Тым больш, што да іх арганізацыі далучаны лепшыя настаўнікі школ раёна, якія маюць вялікі вопыт у працы з дзецьмі, адпаведную катэгорыю і адукацыю. А бацькам і дзецям выбіраць самім…
Гутарыла Марына Кандратовіч.
Добавление комментария
CAPTCHA
*