Падзялiлiся набалелым

Актуально 29 июня 12 1390

26 чэрвеня падчас сходу грамадзян змаглі данесці свае праблемы прадстаўнікам раённай і мясцовай улады жыхары вёсак Сакалы (на здымку) і Бастуны. На пытанні вяскоўцаў адказалі старшыня раённага Савета дэпутатаў С.Ул. Конан, намеснік старшыні райвыканкама М.І. Уляшка, дарэктар Воранаўскага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства В.В. Андруконіс, выконваючы абавязкі начальніка ДРБУ-120 А.Л. Кулік, начальнік РВПС З.С. Вільбік, старшыня Бастунскага сельскага Савета В.М. Валынец, а таксама галоўны ўрач Воранаўскай ЦРБ А.В. Ануфрыеў.

У Сакалах гасцей сустрэлі прыветліва. Людзі былі задаволены, што іх надзённыя патрэбы не пакінуты без увагі. Сяльчане ў асноўным выказалі задавальненне працай аўтамагазіна. Толькі папрасілі, каб прывозілі і агуркі, памідоры, яблыкі, ды заўважылі, што іншы раз хлеб бывае чэрствы. Іх пажаданні В.В. Андруконіс прыняў да ўвагі. А таксама паабяцаў вырашыць праблему са здачай пустой тары. Хваляваў прысутных і непрывабны малюнак пры ўездзе ў вёску: ад хлява застаўся фундамент, ад грушаў — пні. У дадатак псуюць краявід ямы.

У гэты дзень гучалі словы ўдзячнасці кіраўніцтву СВК “Тракельскі”, які падтрымлівае жыхароў Сакалоў. Разам з тым шмат заўваг было выказана ў адрас КСУП э/б “Кастрычнік”, да якога адносіцца вёска. Крыўдзяцца сталыя людзі (у асноўным у населеным пункце жывуць пенсіянеры), што нікому не патрэбны. Абдзяляюць іх і соткамі, і сенакосам. Не дапамагаюць у апрацоўцы бульбы ад каларадскага жука і фітафторы (а людзі гатовы за гэта заплаціць). “Няма нам дзе кінуцца”, — скардзяцца сяльчане. І просяць, каб у сяльгаспрадпрыемстве быў у наяўнасці хоць старэнькі камбайн для патрэб насельніцтва. Бо жыта гіне, пакуль даходзіць чарга да ўборкі на прысядзібным участку: зерне з коласа высыпаецца ці проста гніе. Узнікаюць праблемы ў адзінокіх пенсіянераў і пры атрыманні бульбы. Гаспадарка выдзяляе яе, як і належыць, 200 кг, але па большай цане, чым на рынку. Пры гэтым сталы чалавек павінен капаць бульбу сам. Нараканні людзей прадстаўнікі ўлады паабяцалі не пакінуць па-за ўвагай. Усе набалелыя пытанні ўзяты пад кантроль.

Зусім іншы настрой быў у вяскоўцаў, якія прыйшлі на сход грамадзян у Бастунскі СДК. Пасля даверлівай і цёплай сустрэчы з жыхарамі Сакалоў было вельмі няёмка слухаць скаргі некаторых прысутных на суседзяў… Аднак у асноўным праблемы, якія падымаліся падчас мерапрыемства, былі сур’ёзныя. Балючымі застаюцца пытанні газіфікацыі вуліц Сацыялістычнай і Жалезнадарожнай, рэканструкцыі бані, прывядзення ў належны стан водаправода і каналізацыі. Аб апошняй з гэтых людскіх праблем раённая ўлада ведае, але яе вырашэнне патрабуе вельмі значных фінансавых сродкаў. Райвыканкам выпрацоўвае шляхі выхаду. Былі выказаны пажаданні кіраўніцтву Воранаўскага філіяла абласнога спажывецкага таварыства ў пашырэнні асартыменту тавараў, прывозе больш таннай мясной і малочнай прадукцыі і ў рамонце магазіна. А.Л. Кулік запэўніў людзей, што абочыны дарогі і кювет будуць абкошаны, а таксама будзе ўстаноўлены паказальнік “Бастуны”. Сталых людзей хвалявала, што ў вёску не заязджае маршрутны аўтобус Воранава - Ліда. Яны прасілі, каб ён заходзіў у іх населены пункт хаця б два разы на тыдзень. С.Ул. Конан прыняў да ўвагі ўсе агучаныя ў гэты дзень пытанні.

Марына КАНДРАТОВІЧ.
Добавление комментария
CAPTCHA
*