Ён будзе свяціць нам зоркаю з неба...

Актуально 08 июня 12 2295

У нядзелю сумная вестка абляцела наш раён: памёр адзін з каталіцкіх светароў Радунскага дэканата — ксёндз Пятрас Крыкшчукайцiс, пробашч парафіі Святога Лінуса в. Пеляса. Яго добра ведалі і на Воранаўшчыне, і далёка за яе межамі. Ксяндза Пятраса паважалі і любілі не толькі яго парафіяне, але і тыя, хто хоць аднойчы з ім сустракаўся. Знаёмства з гэтым светаром адкрывала перад чалавекам новыя погляды на веру і рэлігію, на адносіны да бліжняга, паміж людзьмі. Так любіць людзей, як гэта рабіў ксёндз Пятрас, наканавана не кожнаму. Ён любіў і здаровых, і хворых, і праведнікаў, і грэшнікаў... Часта гаварыў, што ўсе мы — дзеці Божыя, усім нам патрэбна любоў, ласка і суперажыванне.


Яго лёс быў вельмі складаны. Сірата-дзетдомавец нікому быў не патрэбны ў гэтым вялікім свеце, акрамя Госпада Бога, таму і выбраў для сябе жыццёвы шлях, прысвечаны служэнню Яму і людзям.

У сямідзясятыя гады мінулага стагоддзя вучыўся ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Коўне (Літва). Святарскія пасвячэнні прыняў 27 мая 1979г. у ковенскай архікатэдры Апосталаў Пятра і Паўла з рук ксяндза біскупа Людвіка Павілоніса. Затым працаваў вікарыем у парафіях у Малэтэі, Длугу, Алітусе. У пачатку васьмідзясятых па асабістаму жаданні быў накіраваны на душпастарскую працу сярод верных у Душанбэ (Таджыкістан). Калі вярнуўся ў Літву, выконваў абавязкі адміністратара парафіі Жэленэі і пробашча ў Чыобішкіс. У 1990г. лёс звязаў яго з пяляскай зямлёй: быў прызначаны пробашчам парафіі Св. Лінуса. Увядзенне Пятраса Крыкшчукайціса ў гэтую святыню адбылося ў дзень Святой Тройцы, а праз 22 гады ў гэты самы дзень пад час нядзельнай імшы ён адышоў да Бога — і пяляская парафія асірацела. Пасля смерці ксяндза было шмат эмоцый, якія, верагодна, не давалі магчымасці поўна асэнсаваць, якую вялікую ролю ён адыграў у станаўленні касцёла Святога Лінуса і аб’яднанні літоўцаў гэтай мясцовасці.

Ксёндз Пятрас за 22 гады душпастарскай працы ў Пелясе так парадніўся са сваімі парафіянамі, что завяшчаў пахаваць яго на мясцовых могілках сярод сваіх вернікаў.

Пахавальная імша адбылася ў сераду 6 чэрвеня ў 11 гадзін у парафіяльным касцёле пад кіраўніцтвам ксяндза біскупа Аляксандра Кашкевіча. На ёй прысутнічалі светары розных рангаў з Гродзенскай дыяцэзіі і Літвы і вялікая колькасць вернікаў не толькі з прыхода, але і з Ліды, Гродна, Воранава, з літоўскіх гарадоў і вёсак. Раздзялілі з вернікамі смутак і боль страты прадстаўнікі мясцовай, раённай і абласной улад.

Яшчэ доўга ўсе, хто ведаў, любіў і паважаў ксяндза Пятраса Крыкшчукайціса будуць перажываць боль страты. Але верыцца, што ён назаўжды застанецца ў нашых сэрцах і будзе свяціць усім зоркаю з неба...

Наталля ІВУЦЬ.
Комментарии
Зенон
Выражаю огромное соболезнование близким и прихожанам Пеляской парафии в связи с безвременной кончиной ксендза Пятраса Крыкшчукайциса.
rex
The Lord be with you
And May You Rest in Peace.
Amen.
Добавление комментария
CAPTCHA
*