З любоўю да Максіма

Актуально 30 сентября 16 2398

Дзіўныя словы роднай мовы… Колькі ў іх цеплыні, пяшчоты, колькі сплялося нашых летуценняў, памкненняў!.. І ўсё гэта шчодрай рукою чэрпалі і чэрпаюць песняры нашай зямлі, умела і з любоўю ўкладваючы іх у свае радкі. Не зраблю вялікага адкрыцця, калі скажу, што кожны чалавек мае свайго паэта для душы. Разам з тым вершы аднаго і таго ж творцы не аднолькава ўспрымаюцца чытачамі. Сваю інтэрпрэтацыю твораў аўтара паэтычнага зборніка “Вянок” Максіма Багдановіча 27 верасня ў Забалацкім НПК прадставілі школьнікі раёна на конкурсе “Рух душы”.




Упрыгожаная актавая зала, аздобленая дарагімі багдановіцкаму сэрцу васількамі сцэна, па-святочнаму апранутыя да імпрэзы вучні — можна пачынаць мерапрыемства, прысвечанае 125-годдзю з дня нараджэння М. Багдановіча. Напачатку “слова ўзяла” песня. Беларуская, са знаёмымі радкамі вершаў класіка беларускай літаратуры. Пранікнёна і хораша спявалі вучні Анастасія Вільчэўская, Валерыя Юхно, Таццяна Адамовіч, Карына Палубенка, настаўніца Галіна Ненартовіч, гурт “Курчоўскія напевы”. Яны стварылі лірычны настрой, так неабходны для ўспрымання вершаў, як Багдановіча, так і прысвечаных яму.


І вось паліліся вершы. Перад слухачамі прадставалі то дзівосныя малюнкі прыроды, то любімыя мадонны паэта, то постаць адзінокага самотнага творцы… Найлепшае майстэрства інтэрпрэтацыі аўтарскага радка, артыстызм праявілі вучні Нацкага НПК — Мілана Дудко, Андрэй Запаснік, Валерыя Тжэцяк — і Канвелішскага — Даніла Трахімчык, Эдзіта Аўкштулевіч. Сапраўды пранікліся творчасцю зоркі беларускай літаратуры Арына Дарняк, Анастасія Войшніс, Эвеліна Лялько і Наталля Ваганава з Воранаўскай школы, Алеся Петрукевіч і Вікторыя Пецюконіс з Пяляскай школы, Леанард Ненартовіч з Пагародзенскай, Аляксандра Зубко з Паляцкішскай, Валерыя Карпінская з Клайшанскай, Аляксандр Страчынскі з Радунскай школы і многія іншыя. На ўласныя радкі натхніў Багдановіч пачынаючых паэтаў з Воранава, Радуні, Канвелішкаў, Бастунаў, Доцішкаў, Тракеляў, Забалаці і Беняконяў. Найлепшай проба пяра атрымалася ў Валерыі Учкуроніс з Радунскай школы і Юстыны Огар з Канвелішскага НПК. Усе вучні ў сваіх вершах прыгадалі вехі жыцця класіка, выказалі любоў да яго паэзіі.


Сімвал паэзіі Багдановіча — трапяткі васілёк, створаны ўмельцамі Забалацкай школы, стаў прыемным падарункам пераможцам і лаўрэатам конкурсу.


Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота аўтара.

[gallery link="file" columns="4"]
Добавление комментария
CAPTCHA
*