Добры дзень, паважаныя сябры лiтаратуры!

Актуально 17 апреля 12 1998

Увага да маладых творцаў з’яўляецца абавязковай умовай стабільнага развіцця любой літаратуры. Таму сёння мне хочацца пагаварыць з вамі пра тыя якасці, якія трэба мець ад прыроды маладому (і не толькі па ўзросту) літаратару, а якія прыдбаць шляхам самавыхавання і навучання, каб дасягнуць сапраўднага творчага поспеху.

Найперш, несумненна, трэба валодаць творчым талентам, які даецца чалавеку ад нараджэння і прыдбаць які ні за якія грошы немагчыма. Гэта аксіёма. Бо без адпаведных здольнасцяў, развітых да таленту, у прыгожым пісьменстве поспеху не дасягнеш. Можна спісаць горы паперы і застацца вечным графаманам.

Акрамя таго, пісьменніку, як паветра, патрэбны самыя разнастайныя веды, таму што веды — падмурак таленту. А веды без працы — настойлівай, штодзённай — самі не прыходзяць.

Ды і гэта яшчэ не ўсё. Для чалавека, які хоча рэалізаваць свой талент, не менш важна мець перадавы для свайго часу светапогляд, валодаць высокімі маральнымі якасцямі, што, урэшце, увасабляюцца ў пафасе ягонай творчасці, у свядомым і адкрытым служэнні роднаму краю і народу, у адстойванні прынцыпаў дэмакратыі і гуманізму. Узгадайце словы скарынаўскага патрыятычнага запавету, якім ён заўсёды карыстаўся ў сваёй дзейнасці!

Яшчэ хочацца нагадаць пра неабходнасць авалодання тэхнікай творчасці, пра набыццё майстэрства, прафесіяналізму. Нас ніколькі не здзіўляе, што ў спецыяльных навучальных установах вучаць маляваць, граць на музычных інструментах, сачыняць музыку. А пастаноўка пытання пра навучанне будучых пісьменнікаў лічыцца неправамернай. А чаму? Хіба літаратурная творчасць менш складаная, чым творчасць жывапісца, музыканта, кампазітара? Некалі Янка Купала прыгадваў: “Пісаць пачаў я з 1904 года, але спачатку нічога талковага не выходзіла, таму што не меў тады яшчэ нават найменшага ўяўлення пра тэорыю вершаскладання. Пасля трапілася мне ў рукі стылістыка, і справа пачала наладжвацца.” А хіба мог бы Францыск Скарына здзейсніць свой жыццёвы і творчы подзвіг без глыбокіх пазнанняў па гісторыі і тэорыі літаратуры, па біблеістыцы, не ведаючы правіл вершавання, літаратурных родаў, відаў, жанраў, не валодаючы сістэмай прамых і пераносных значэнняў слоў, цэлага арсенала сінтаксічных сродкаў і г.д.?

І яшчэ. Валодаць асноўнымі ведамі па тэорыі літаратуры неабходна не толькі стваральнікам літаратурных твораў, але і ўспрымальнікам мастацкай літаратуры. Сёння распаўсюджаны лекцыі пра тое, як разумець выяўленчае мастацтва, музыку, выпускаюцца розныя дапаможнікі на гэтую тэму. Вось і для вас, прадаўжальнікі лепшых традыцый беларускай літаратуры, яшчэ ў 2003 годзе В.П. Рагойша склаў даведнік маладога літаратара пад назвай “На шляху да Парнаса”, які можна лічыць і даведнікам чытача. Так што, як пісаў Ніл Гілевіч:

Спявайце, юныя паэты!

Спяліце ў бурах пачуцця

Неўтаймаваны боль планеты,

Непераможны крык жыцця!

...Спявайце, помнячы нязменна:

Пакуль паэты будуць пець —

Не быць Радзіме безыменнай,

Зямлі бацькоў — не анямець!

З павагай,

Людміла КЕБІЧ,

старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.
Добавление комментария
CAPTCHA
*