Пеляса сустракала гасцей

Актуально 25 сентября 16 3407

Парафіяльнае свята ў імя святого Лінаса, якое штогод адзначаецца ў вёсцы Пеляса ў верасні, як заўсёды сабрала сяброў з розных куткоў Беларусі і Літвы. Але адметнай асаблівасцю яго ў гэтым годзе стала прысутнасць мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і канцлера курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксяндза Дзмітрыя Пухальскага.


Гэтая падзея ўжо даўно пераўтварылася ў сапраўднае свята літоўскай культуры, на якое прыязджаюць высокія дыпламатычныя госці, прадстаўнікі ўладаў дзвюх краін, каталіцкія святары. Вось і на гэты раз у Пелясу завіталі пасол Літвы ў Рэспубліцы Беларусь Андрус Пулокас, генеральны консул Літоўскай Рэспублікі ў Гродне Генадзіюс Мацкяліс з віцэ-консулам Міндаўгасам Даміонайцісам, дырэктар дэпартамента па сувязям з літоўцамі за мяжой Міністэрства замежных спраў Літвы  Вітаўтас Пінкус, а таксама прадстаўнікі раённай улады: старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Роік, намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Карповіч, начальнікі аддзелаў райвыканкама Алена Ястрэмская і Алена Ганевіч.


Павіншаваць землякоў з нагоды парафіяльнага свята прыехалі шматлікія прадстаўнікі літоўскіх дыяспар: з Мінска, Гродна, Ліды, Гервят, а таксама літоўскія сябры з грамадскіх арганізацый Вільнюса і Алітуса разам з народнай капэлай “Дзуку вярсме”.


Пасля святочнага богаслужэння ў пяляскім касцёле Св. Лінаса, якое правёў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, адбылася працэсія вакол касцёла. Затым усе накіраваліся ў мясцовую школу, дзе ўдзельнікаў свята чакаў падрыхтаваны вучнямі і настаўнікамі школы канцэрт. Сваімі вершамі і песнямі яны ўслаўлялі прыгажосць родных краін Беларусі і Літвы. Яскравым і па-сапраўднаму самабытным было выступленне алітускіх гасцей. Удзельнікам гэтага каллектыву ўжо за семдзесят год, а яны па-ранейшаму такія вясёлыя і бадзёрыя, быццам час над імі не мае ўлады: так гучна спявалі, гралі і прытанцоўвалі.


У гэты дзень шмат віншавальных слоў гучала ў адрас дырэктара, калектыву і вучняў Пяляскай школы, мясцовых жыхароў з нагоды свята. У канцы, як заўсёды, частаваліся смачным абедам з літоўскіх блюдаў, прыгатаванных з беларускім каларытам.


Наталля ІВУЦЬ.

Фота аўтара.

[gallery link="file" columns="4"]









Добавление комментария
CAPTCHA
*