«СМІ — гэта «вочы» грамадства, якія павінны быць аб'ектыўнымі»

Актуально 02 августа 16 1804


Такое меркаванне ў гутарцы з карэспандэнтам «Звязды» выказаў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр ВЯРСОЦКІ напярэдадні рэспубліканскага семінара «Аб рабоце СМІ па рэалізацыі задач дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі».

Аляксандр Людвігавіч, што ўяўляе сабой сёння «палітра» друкаваных СМІ Гродзенскай вобласці?

— На Гродзеншчыне зарэгістравана 95 сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку 46 газет і 15 часопісаў, з якіх 34 — дзяржаўныя. Падпісны тыраж дзяржаўных выданняў цяпер складае больш за 100 тысяч экзэмпляраў, а агульны разавы перавышае 120 тысяч экзэмпляраў. Па выніках XІІ нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі пяць раённых газет сталі лаўрэатамі, у тым ліку атрымалі тры «Залатыя Літары». «Астравецкая праўда» перамагла ў намінацыі «Лепшы творчы праект» («Неабмежаваныя магчымасці»). Лаўрэатам у гэтай жа намінацыі стала шчучынская «Дзянніца» (праект «Яго вялікасць беларускае слова»). Газета «Перспектива» (Гродзенскі раён) удастоена «Залатой Літары» за «Лепшыя матэрыялы сацыяльнай тэматыкі» і дыплома лаўрэата ў намінацыі «Лепшы інтэрнэт-праект». Навагрудская газета «Новае жыццё» адзначана за «Лепшыя матэрыялы культурнай і гісторыка-краязнаўчай тэматыкі». Дыплома лаўрэата ўдастоена «Свіслацкая газета». Абласная газета «Гродзенская праўда» стала дыпламантам у намінацыі «Лепшыя матэрыялы грамадска-палітычнай тэматыкі».

Як развіваюцца рэгіянальныя электронныя СМІ?

— Сярод іх — тэлерадыёкампанія «Гродна», Лідскае тэлерадыёаб'яднанне, гарадскі тэлерадыёвяшчальны канал «Гродна Плюс», 6 студый мясцовага тэлебачання, 19 радыёпраграм, а таксама 24 суб'екты гаспадарання, якія аказваюць паслугі ў сферы кабельнага тэлебачання. У ХІ Нацыянальным конкурсе «Тэлевяршыня» лідчане ўдастоены дыплома І ступені за лепшы праект рэгіянальнага тэлебачання і дыплома ІІІ ступені за лепшую праграму для дзяцей і юнацтва. Падчас рэспубліканскага семінару плануем прэзентацыю HD-фармату, на які першым сярод рэгіянальных тэлерадыёкампаній нядаўна перайшоў канал «Гродна Плюс». Сэнс гэтай тэхналогіі ў тым, што значна палепшылася якасць карцінкі на тэлеэкране. Нягледзячы на цяжкасці фінансавага плана, усё ж накіравалі сродкі на тое, каб гарадскі тэлеканал падняўся на новы ўзровень і быў прывабным для гледачоў.

Дарэчы, зараз аблвыканкам сумесна з раённымі ўладамі працуе над стварэннем тэлебачання ў Астраўцы. Плануем, што з наступнага года гэты праект (безумоўна, важны для рэгіёна, які дынамічна развіваецца) пачне ажыццяўляцца — мажліва, з удзелам дырэкцыі Беларускай АЭС.

Як лічыце, наколькі прафесіянальна рэгіянальныя СМІ вырашаюць задачы дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі?

— Сродкі масавай інфармацыі — быццам «вочы» грамадства, якія павінны быць уважлівымі і аб'ектыўнымі. І нашы рэгіянальныя СМІ імкнуцца адпавядаць гэтым патрабаванням. Каб, з аднаго боку, даваць жыхарам вобласці поўную інфармацыю пра падзеі, што адбываюцца ў рэгіёне, планы яго развіцця (рэалізацыю тых ці іншых праграм, адкрыццё новых вытворчасцяў, аб'ектаў сацыяльнай сферы і г.д.), а з другога — не замоўчваць існуючыя праблемы і садзейнічаць іх вырашэнню. Напрыклад, на тыя ж суботнія «прамыя лініі» тэлефануюць, бывае, з падзякамі органам улады за вырашэнне таго ці іншага пытання, але ў асноўным людзі звяртаюцца са сваімі праблемамі, сваім болем. Усё гэта знаходзіць месца на старонках абласной і раённых газет, прычым не проста з канстатацыяй гэтай праблемы, а з інфармаваннем, як яна вырашана альбо будзе вырашацца ў перспектыве.

Наколькі цікавяць матэрыялы рэгіянальнай прэсы чытачоў?

— Каб не быць галаслоўным, спашлюся на такую лічбу. За другі квартал бягучага года ў параўнанні з першым на сайтах толькі раённых газет вобласці колькасць наведвальнікаў павялічылася на 205 тысяч. Ёсць і такі паказчык, як індэкс цытавання СМІ ў інтэрнэце. За апошні час ён у дачыненні да нашых рэгіянальных выданняў таксама значна павялічыўся. Думаю, гэта звязана з тым, што газеты стараюцца не абыходзіць тэмы, якія цікавяць чытачоў, падрабязна асвятляюць тое, што адбываецца ў рэгіёне, даюць анонсы спартыўных, культурных і іншых падзей.

Разам з тым ад журналістаў патрабуецца больш актыўнасці, каб данесці ўсё важнае і цікавае да шырокага кола чытачоў і гледачоў. Вялікае значэнне тут мае і форма падачы матэрыялу, і яго назва, каб зачапіла вока патэнцыяльнага чытача. Аб гэтым, дарэчы, вялася гаворка на навучальным семінары ў рамках медыйнага кластара друкаваных СМІ, які створаны на Гродзеншчыне з удзелам аблвыканкама, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, рэдакцый абласной і раённых газет.

Дарэчы, каб стымуляваць творчую працу, ужо традыцыйна праводзім спаборніцтва сярод рэдакцый абласных, раённых газет, тэлебачання і радыё, прафесійных журналістаў з уручэннем лаўрэатам прызоў і дыпломаў.

Барыс ПРАКОПЧЫК

http://www.zviazda.by/
Добавление комментария
CAPTCHA
*