Як пачынаўся фестываль?

Актуально 01 июня 16 1332


Напярэдадні XI Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур хацелася б успомніць, як усё пачыналася дваццаць гадоў таму. Тагачасная загадчыца гарадскога аддзела культуры Ірына Кліменка прыйшла да мяне ва ўпраўленне культуры параіцца, якое б адметнае мерапрыемства арганізаваць, каб у Гродне было сваё свята накшталт “Славянскага базару ў Віцебску” або “Залатога шлягера” ў Магілёве. Тады і прыйшла ідэя правесці ў нашым горадзе, дзе спляліся лёсы розных народаў, культур, рэлігій, фестываль нацыянальных абрадаў, даць магчымасць кожнай нацыянальнасці выказацца самым глыбінным, што спрадвеку захоўвае народ, – традыцыяй. На пачатку 90-х было вельмі важна захаваць тое лепшае, што было ў агульнай спадчыне, – інтэрнацыяналізм, добрасуседства, узаемную павагу да культур, звычаяў, традыцый, мовы кожнага народа, векавы запавет жыць у міры і згодзе.


Восенню 1994 года адбыўся I гарадскі фестываль нацыянальных абрадаў. У журы, акрамя мясцовых спецыялістаў, былі запрошаны прадстаўнікі з Мінска. Сапраўдную асалоду душы атрымалі ўсе прысутныя, калі ўбачылі, як выхаванцы дзіцячых садкоў разам са сваімі выхавацелямі, школьнікі з настаўнікамі, дарослыя з прадпрыемстваў вадзілі на сцэне карагоды, спявалі свае нацыянальныя песні, тэатралізавалі народныя абрады, як беларускія словы гучалі побач з польскімі, літоўскімі, украінскімі, рускімі.


Тады ж у зале гарадскога Дома культуры Тадэвуш Стружэцкі, тагачасны начальнік аддзела культасветустаноў Міністэрства культуры, пазней – намеснік міністра культуры Беларусі, прапанаваў: а што, калі такі фестываль зрабіць рэспубліканскім? Мы прыйшлі да высновы, што гэта можа быць вельмі цікава, надасць маштаб і шырокае гучанне, але трэба браць шырэй, чым абрады, прадставіць і песні, і танцы, і дэкаратыўна-выяўленчае мастацтва, і нацыянальныя кухні.


Зацвердзілі назву: фестываль нацыянальных культур. Вырашылі: праводзіць раз у два гады, каб даць магчымасць нацыянальным суполкам добра падрыхтавацца. І адзіная ўмова: хоць фестываль і стане рэспубліканскім, але назаўсёды павінен застацца ў Гродне.


Крыху пазней на справаздачным пасяджэнні савета гарадскога аддзела культуры першы намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Гілеп сказаў: фестывалю ў Гродне быць. Менавіта ён узначаліў першы аргкамітэт фестывалю, дырэктарам якога была прызначана Ірына Кліменка. Першым галоўным рэжысёрам стаў загадчык кафедры рэжысуры Мінскага інстытута культуры прафесар Пётр Гуд. Потым яго змяніў былы дырэктар Гродзенскага каледжа мастацтваў заслужаны дзеяч культуры Беларусі Уладзімір Сяргейчык (V–X фестывалі), на сёлетнім ён – мастацкі кіраўнік. Аўтар гэтых радкоў – галоўны сцэнарыст ІІІ–VІІІ фестываляў, рэжысёр асобных мерапрыемстваў І – VІІІ. Першы загадчык літаратурнай часткі – журналіст “Гродзенскай праўды” Лілія Навіцкая.


Як цудоўна, што добрая ідэя прыйшлася даспадобы і з кожным годам набірала размах. І надалей жыві і мацней, наш фестываль, свята братэрства, добрасуседства, прыгажосці і талентаў!
Зінаіда Арцюховіч, ветэран культуры

http://grodnonews.by/
Добавление комментария
CAPTCHA
*