На пагародзенскiм кірмашы ўсяго было для душы

Актуально 02 октября 15 1560


Песняй, гумарам, сельгаспрадукцыяй традыцыйна сустракаў жыхароў і гасцей Пагародна кірмаш. Да таго ж пашанцавала з надвор’ем. Чаму б не зрабіць нарыхтоўкі на зіму і пры гэтым весела не адпачыць?..

Добрага настрою адпачываючым, бойкага продажу гандлюючым і шчырых, ад душы песень пажадалі старшыня Пагародзенскага сельсавета Вольга Сінельнікава і начальнік раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Камінская, вітаючы прысутных на свяце. Не абмінулі свята і прадстаўнікі раённай улады: намеснік старшыні райвыканкама Мечыслаў Уляшка і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алена Ястрэмская. Падзі-віліся з сёлетняга ўраджаю, з гаспадарлівасці пагародзенцаў. Паглядзець на кірмашы было на што, дый паспрабаваць чаго было ўдосталь.

Добра падрыхтавалася да мерапрыемства эксперыментальная база “Пагародна”: былі і бульба, і зерне, і мясная прадукцыя. У дадатак прадстаўнікі гаспадаркі прапаноўвалі паласавацца рыбным супам, чабурэкамі, шашлыкамі. Працаўнікі культуры ў чарговы раз паказалі, што яны не толькі выдатныя спевакі ды майстры слова, але і гаспадыні ўдалыя. Нацкія, радунскія, доцішскія, гіркаўскія, больцішскія, тракельскія, пераганцаўскія, жырмунскія, беняконскія і канвелішскія каўбаскі, вяндлінкі, бліны… былі такія апетытныя, аж самі ў рот прасіліся. Пакуль дарослыя прыглядаліся ды таргаваліся, дзятва на батутах забаўлялася, у латарэі гуляла і ўпрыгожвала сябе аквагрымам (малюнакам на твары). І ўвесь час лілася музыка. Народныя, многім любыя песні спявалі фальклорныя гурты “Вянок” з Доцішкаў, “Зара-ніца” з Радуні, “Рэчанька” з Жырмун, “Ярыца” з Больцішак, Юрый Ганевіч, Лілія Бярцэвіч, Людміла Вароніна, Іосіф Кодзіс. Байкамі ўсіх весяліла Святлана Вараноўская. Іх змянілі заліхвацкія ды лірычныя эстрадныя песні ў выкананні Валянціны Драбышэўскай, Алега Марцінкевіча, Арцёма Сцефановіча, Наталлі Бабніс. І, канешне ж, радавалі людзей пагародзенскія гаспадары свята — Сяргей Крываручка, Таццяна Пашкелевіч, Іосіф Пашкелевіч, Святлана Салмановіч і Васіль Маркевіч. Кірмаш доўга шумеў, за-прашаў разам адпачываць. Вясёлы і гаманкі, ён развітваўся з усімі да наступнага года.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.



.

Добавление комментария
CAPTCHA
*