З фальклорнай экспедыцыяй па воранаўскім краі

Актуально 11 июля 15 2181






Самабытная і багатая народная творчасць прыцягвала, ды і сёння прыцягвае, увагу навукоўцаў. Шмат песень, легенд, паданняў, абрадаў занатавана і вывучана. Аднак кожны раз даследчыкаў чакаюць цікавыя матэрыялы і нечаканыя знаходкі. З 29 чэрвеня па 7 ліпеня са скарбамі фальклорнай спадчыны Воранаўшчыны знаёміліся студэнты і два выкладчыкі філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы. Падчас экспедыцый яны наведалі больш за 10 населеных пунктаў — паўночную частку нашага раёна, вёскі бліз Радуні і сам гарадскі пасёлак.


Як наладжваюцца зносіны гасцей з нашымі землякамі, як праходзіць збіральніцкая фалькларыстычная праца, цікаўлюся ў дзяўчат-студэнтак. Прапаноўваюць далучыцца да іх, каб на свае вочы ўбачыць, як праходзіць збор матэрыялаў. У дарозе завязалася размова. Нашы зямлячкі Аліна Лукашэвіч і Дзіяна Янкоўская, Сняжана Дашкевіч з Першамайска і Рэната Сурконт з Ваверкі лічаць, што ім пашанцавала з месцам практыкі і на сустрэчы з цікавымі і неардынарнымі людзьмі.






Сустрэча з жыхаркай Радуні Ганнай Вікенц’яўнай Грэмзай надоўга зарадзіла пазітыўным настроем. Жанчына і прыгожа заспявала песні на беларускай і польскай мовах, і павесяліла, і падзялілася самымі радаснымі момантамі са свайго жыцця. Па праўдзе кажучы, не раз чула пра абрады на хрэсбінах. Ведала, што бабулю садзяць на воз, святкуючыя “ўпрагаюцца” ў аглоблі і возяць так яе па вёсцы. Яна ж частуе прысмакамі ўсіх, хто сустракаецца на шляху. А вось тое, што гэта дзеянне мела сімвалічнае значэнне, даведаліся мы ад Ганны Вікенц’яўны: “Бабу вазілі, каб у кожную куццю ў гэтай бабы было па дзіцю”. Не, нездарма і сёння працуюць фальклорныя экспедыцыі. Напэўна, ёсць яшчэ багата матэрыялу для вывучэння. У гэтым пераканалася яшчэ раз падчас гутаркі з кіраўнікамі студэнтаў, кандыдатамі філалагічных навук, дацэнтамі кафедры беларускай літаратуры Р.К. Казлоўскім і А.Э. Сабуць.


— Кожны год мы ездзім у такія экспедыцыі. І трэба сказаць, увесь час запісваем новыя творы. У першую чаргу гэта датычыцца песень, бо іх проста многа. Народнай прозы мала, хаця ёсць беларускі містыцызм, прымхі, забабоны, містычныя паданні. У апошні час удалося больш запісаць звычаяў, — так бачыць сваю працу Руслан Канстанцінавіч. — Мы стараемся адшукаць этнаграфічны матэрыял, які нідзе не паўтараецца. Бо ёсць песні, якія вядомы ў агульнабеларускім кантэксце, а ў пэўных населеных пунктах яны ўяўляюць сабой усяго толькі варыянты, што адрозніваюцца радком ці двума. На вялікі жаль, паміраюць носьбіты фальклору. Заўважылі, што бабулька, якой за 80 гадоў спявае многа, а дачка, якой каля 60-ці, песень амаль не ведае.





— Сталыя жанчыны гэта і самі ўсведамляюць, — уступае ў гутарку Аліна Эдмундаўна. — У адной з вашых вёсачак мы пачулі: “Вы запішыце, бо да наступнага року (году. — Прыкм. аўт.) ці дажыву. А хто яшчэ запіша?”. І вось гэтыя словы, якія, дарэчы, пачуеш не ў кожнай мясцовасці, дапамаглі яшчэ больш адчуць і ўсвядоміць значнасць нашай місіі. Скажу шчыра, нас вельмі ўразіў воранаўскі край. Па-першае, гаспадарлівасцю, гасціннасцю людзей. Па-другое, беларускай традыцыйнасцю, якая захоўваецца са старых часоў. Па-трэцяе, пачуццём уласнай годнасці, тым, што цэняць сваё, маю на ўвазе духоўнае, ганарацца сваёй гісторыяй. Так, у Больцініках у кожнай хаце, дзе мы пабывалі, нас заклікалі пабываць у маёнтку Путкамераў і гаіку Марылі.






Як адзначылі выкладчыкі, у сёлетняй экспедыцыі іх чакала шмат адкрыццяў. Парадавалі запісаныя развітальныя (пахавальныя) песні, якія на беларускай мове сустракаюцца рэдка. У Больцініках заўважылі традыцыю нацыянальнага пітва. Справа ў тым, як патлумачыў Р. Казлоўскі, у беларусаў гарэлка была прывазным прадуктам, самагонка выкарыстоўвалася як лекі, і толькі ў ХІХ ст. пад уплывам Расійскай імперыі “замацавалася” ў нас. У беларусаў, паводле нацыянальнай традыцыі, ёсць тры напоі: медавуха, піва і бярозавіца. А больцініцкія жыхары сапраўднае піва рабілі ў бочках, яно было цёмнага колеру і моцнае. У іншых раёнах Гродзеншчыны да гэтага часу ні разу не пачулі дакладны рэцэпт цёмнага піва. Адметна Воранаўшчына і тым, што тут сустракаюцца ўсе традыцыйныя жанры, нават і дзіцячы фальклор. У тых жа Больцініках былі занатаваны дзіцячыя пястункі. Тут жа запісалі і дастаткова рэдкі жанр — замовы. Ванда Карлаўна Чаховіч паказала, як вылечыць нагу з дапамогай замовы, вузялкоў на нітцы і пэўных “чараўнічых” дзеянняў. Пры гэтым вельмі арыгінальна каментавала. Людзі да яе ходзяць, бо, кажуць, дапамагае — расцяжэнні, вывіх здымаюцца за некалькі гадзін. А Паліна Міхайлаўна Себянкова здзівіла гасцей веданнем шматлікіх песень. Асаблівасць усяго краю — прысутнасць польскамоўных тэкстаў, у большасці нефальклорных. (Для параўнання, на Лідчыне значна больш беларускамоўных песень). Тым не менш даследчыкам, акрамя беларускага, было б цікава адшукаць і аўтэнтычны польскі фальклор.






Напрыканцы нашай сустрэчы Руслан Казлоўскі зазначыў, што час быў вельмі насычаным. Знаёмства з фальклорам нашага раёна працягнецца, так як большая частка вёсак яшчэ не даследавана. А сабраныя матэрыялы пасля апрацоўкі, класіфікацыі, сістэматызацыі і афармлення папоўняць тыя, што захоўваюцца з пачатку ХІХ стагоддзя.


Марына КАНДРАТОВІЧ.


Фота аўтара і з архіва групы фалькларыстаў.

Добавление комментария
CAPTCHA
*