Божае слова — крыніца надзеi

Актуально 24 мая 11 1553
У апошні час у пошуках маральных арыенціраў пісьменнікі, філосафы ды і наогул простыя інтэлігенты ўсё часцей звяртаюцца да рэлігіі. Безумоўна, без рэлігійнага адчування выхаванне падрастаючага пакалення будзе непаўнацэнным, аднабокім у працэсе фарміравання чалавека як духоўнай істоты, якая валодае магчымасцю тварыць па законах ісціны, дабра і прыгажосці.
Сёння шмат бібліятэк працуе ў накірунку духоўнага адраджэння. Не стала выключэннем і Тракельская сельская бібліятэка, якую ўзначальвае самабытная жанчына Крысціна Кандыба. Вынікам яе 25-гадовай працы на гэтай пасадзе з’яўляецца разнастайны літаратурны фонд, які налічвае больш за 15 тысяч экзэмпляраў. Улюбёная ў кнігу, свае беражлівыя адносіны да яе бібліятэкар перадае і сваім чытачам, асабліва дзецям. Менавіта яны і сталі галоўнымі героямі мерапрыемства, арганізаванага і праведзенага сумесна  з сельскім Домам культуры ў рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Ангел в твоем сердце”.
Настаўнікам на ўрок духоўнасці “Божае слова — крыніца надзеі”, аўдыторыю якога 20 мая  складалі вучні пачатковых класаў Тракельскай школы, быў запрошаны ксёндз Аляксандр,  вікарый мясцовага касцёла Наведзінаў Найсвяцейшай Марыі Панны. Аб стварэнні свету і чалавека, анёлах, добрых і злых людзях, іх намерах і грахах вёў размову з дзецьмі ў малой, але такой утульнай зале сельскай бібліятэкі духоўны настаўнік. Трэба адзначыць тую непасрэдную дзіцячую актыўнасць, з якой рабяты, перабіваючы адзін аднаго (таму што ведаюць!), дапаўнялі ксяндза, адказвалі на яго пытанні, разважалі... Адным словам,  добра працавалі на “ўроку”, дамашнім заданнем якога стаў наказ вікарыя  Аляксандра быць паслухмянымі дзеткамі і помніць аб Божай навуцы — быць  добрымі хрысціянамі. Згодай адказалі вучні свайму настаўніку. На тым і разышліся...
Зацікаўленая тым, што думае наконт мэтанакіраванасці такіх мерапрыемстваў  прадстаўнік каталіцкага веравызнання, я спытала аб гэтым у ксяндза Аляксандра. І вось што пачула ў адказ:
— Такія сустрэчы, безумоўна, патрэбны, як неабходна і тое, каб дзеці хадзілі ў касцёл, наведвалі ўрокі рэлігіі. Але перш за ўсё касцёл павінен быць дома. Інакш кажучы, у першую чаргу бацькі, калі яны вераць у Бога, павінны настаўляць сваіх дзяцей, тлумачыць ім... Калі яны сапраўдныя хрысціяне, то будуць у сваёй сям’і закладваць гэты фундамент веры. Пры касцёле дзейнічаюць парафіяльныя школы, дзе вучняў з першага класа да адзінаццатага вучаць слову Божаму, тлумачаць, хто такі Бог і навошта хадзіць у Яго храм. Усё гэта для таго, каб яны, пазнаючы божыя прыказанні, развівалі сваё духоўнае жыццё...
Пасля ўрока духоўнасці для мяне стала несумненным адно: такія мерапрыемствы сапраўды спрыяюць духоўнаму ўзбагачэнню маладога пакалення. Таму вельмі хочацца спадзявацца, што жаданні гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак рабіць добрыя справы, шанаваць бацькоў, не хлусіць, не зайздросціць і не абражаць людзей не застануцца толькі жаданнямі, а свядома ўвойдуць у іх жыццё.
Святлана ВАДЭЙКА.
Добавление комментария
CAPTCHA
*