У Гродне пройдзе маштабны крэатон для старшакласнікаў «Першыя ідэі: тэхналогіі»
15 лютага ў Гродне адбудзецца крэатон, удзел у якім могуць узяць вучні з усёй Беларусі.
Ён пройдзе ў рамках сацыяльна-адукацыйнага праекта «Першыя», які рэалізуецца кампаніяй А1 пры падтрымцы арганізатараў канферэнцыі TEDxMinsk.
Крэатон пад назвай «Першыя ідэі: тэхналогіі» пройдзе ў дзелавым цэнтры «Біржа» (пр. Касманаўтаў, 37а) 15 лютага з 12:00 да 16:00. Да ўдзелу запрашаюцца вучні 9-х, 10-х і 11-х класаў з любога рэгіёна краіны, якім цікава праявіць сябе, патрэніравацца генерыраваць ідэі, прэзентаваць іх на публіцы і атрымаць парады ад экспертаў. Удзел у крэатоне – бясплатны па папярэдняй рэгістрацыі.
Папярэднія крэатоны для старшакласнікаў па тэмах «Культура» і «Інклюзія» ў Віцебску і Магілёве сабралі больш за 130 удзельнікаў кожны. Гэтым разам у Гродне школьнікам прапануюць пагутарыць пра футурыстычны ўплыў сучасных тэхналогій на наша жыццё, а таксама абмеркаваць іх ўздзеянне на сферу адукацыі.
Спачатку старшакласнікі паглядзяць некалькі відэаролікаў з выступленнямі сусветна вядомых спікераў. Убачанае патлумачыць эксперт, які сутыкаецца з узнятымі пытаннямі ў сваёй працы. Ён жа паставіць удзельнікам крэатона канкрэтную задачу. Школьнікі падзеляцца на каманды і калектыўна абмяркуюць, якія ідэі можна было б прапанаваць для дасягнення акрэсленай мэты, а затым прэзентуюць свае задумы перад аўдыторыяй. Па выніках абмеркавання журы з ліку экспертаў па тэме крэатона, прадстаўнікоў кампаніі А1і акадэмічнай супольнасці Гродна адзначыць лепшыя выступленні, пракаментуе ідэі і ўзнагародзіць аўтараў лепшых з іх.
У межах праекта арганізатары ладзяць першы беларускамоўны падкаст для падлеткаў «Першыя». Зараз запісана некалькі эпізодаў, у якіх можна даведацца пра лайфхакі прамоўніцкага майстэрства, культурніцкія праекты ў тэатральнай сферы, стварэнне інклюзіўнай прасторы. Хутка на старонцы з’явіцца новы выпуск пра сучасныя тэхналогіі.
«Першыя» – гэта рэспубліканскі конкурс ідэй, з дапамогай якіх можна змяніць да лепшага навакольны свет, грамадства ці жыццё людзей. Збор заявак працягваецца да 8 сакавіка. Прапанаваць сваю задуму могуць вучні 9-х, 10-х і 11-х класаў з усіх рэгіёнаў Беларусі.
Кожны ўдзельнік конкурсу цягам навучальнага года распрацоўвае сваю ідэю, а для ўдзелу ў фінале будуць адабраныя дзесяць старшакласнікаў. Кожны з іх атрымае прыз – iPhoneXs, а таксама пад кіраўніцтвам персанальнага ментара прадставіць сваю ідэю на маштабнай маладзёжнай канферэнцыі TEDxYouth@Minsk.
https://grodnonews.by