З працоўным візітам ва ўстановы адукацыі Воранаўшчыны

Актуально 11 ноября 14 1497


На падставе падпісанай дамовы аб узаемнай дзейнасці дэлегацыя з польскай акругі Піш наведала 5-8 лістапада Воранаўшчыну. Польскіх калег — дырэктараў навучальных устаноў на чале з Зузанай Конопа, дырэктара аб’яднання эканамічнага абслугоўвання школ і дашкольных устаноў і памочніка бургамістра г. Піш па справах адукацыі — азнаёмілі з асаблівасцямі адукацыйнага працэсу і дзейнасцю ўстаноў адукацыі раёна.

Многія з польскай дэлегацыі ў нас не ўпершыню. Аднак, па іх словах, у кожны прыезд адкрываюць для сябе штосьці новае. Тыя, хто толькі пачынае знаёмства з воранаўскай зямлёй, найперш заўважаюць гасціннасць і шчодрасць нашых людзей.

Двухдзённая працоўная праграма была насычанай — госці наведалі 8 устаноў адукацыі раёна, пазнаёміліся з асаблівасцямі адукацыйнага і выхаваўчага працэсу, методыкай выкладання вучэбных прадметаў. Высокі ўзровень арганізацыі ўрокаў польскай мовы і факультатыўных заняткаў, добрую ступень валодання польскай мовай нашымі дзецьмі адзначылі госці пасля наведвання ўрока ў 11 класе Воранаўскай школы (настаўнік І.Ю. Янкоўская) і факультатыўнага занятку ў 5 класе Доцішскай СШ (настаўнік М.С. Садоўская).



— Бачна, што вашы вучні зацікаўлены ў навучанні польскай мове, — вельмі ўражана ўбачаным Ганна-Цэліна Наровска. — Цудоўна, што яны асэнсоўваюць тое, аб чым вядзецца гутарка на ўроку. Вымаўленне, канешне ж, не зусім правільнае. Яно і зразумела: дзеці жывуць у асяродку, дзе не карыстаюцца польскай мовай у паўсядзённых зносінах. Аднак моўнага бар’ера, лічу, у гутарцы з палякамі не адчуюць. І ўсё гэта дзякуючы працы настаўнікаў.

Напэўна, гасцей найбольш уразілі самыя маленькія — дашкаляты Пагародзенскага садка: іх дзіцячая непасрэднасць і цікаўнасць не засталіся незаўважанымі. Такімі ж шчырымі былі словы, выказаныя ў адрас вучняў і настаўнікаў Забалацкага НПК. На імправізаваным свяце “Восень нам радасць прыносіць” яны праявілі свае вакальныя і дэкламатарскія таленты. На “біс” перад польскімі сябрамі выступаў дзіцячы ансамбль танцаў “Радунскія салавейкі”.



Асаблівую цікавасць калегі-суседзі праявілі да школьных музеяў. Справа ў тым, што ў іх акрузе з-за невялікай плошчы будынкаў навучальных устаноў не практыкуецца арганізацыя такіх музеяў. Да таго ж, у народным музеі Радунскай гімназіі, школьным музеі “Жыццё людзей Воранаўшчыны ХІХ-пачатку ХХст.” Забалацкага НПК яны бліжэй пазнаёміліся з гісторыяй нашай краіны, побытам і культурай беларусаў. Змястоўная напоўненасць, багацце сабраных экспанатаў, дзейнасць па захаванню гісторыі свайго краю, традыцый і выхаванню падрастаючага пакалення іх вельмі ўразілі. Не засталіся па-за ўвагай і дастаткова моцная матэрыяльна-тэхнічная база ў Радунскіх пачатковай школе, школе-інтэрнаце і дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці.

Па душы прыйшлася экскурсія ў Старыя Васілішкі ў музей Чэслава Немана. Асабліва радаваліся фанаты вядомага польскага рок-музыканта. І з задавальненнем не толькі слухалі яго песні, але і падпявалі.



— Мы вельмі шчаслівыя, што прыехалі да вас, змаглі убачыць шмат цікавага і карыснага, — дзеліцца ўражаннямі Зузана Конопа. — Сёння, зразумела, на ўроках недастаткова крэйды і табліцы. Таму выкарыстанне інтэрактыўных метадаў навучання неабходна ў педагагічнай працы, што мы і назіралі падчас заняткаў. Прызнаюся, крыху вам зайздрошчу. У нас у асноўным на вёсках маленькія школкі, і няма той прасторы, якая ёсць у вашых навучальных установах. Хочацца выказаць словы падзякі начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму Алене Ганевіч, дзякуючы намаганням якой і адбылася наша сустрэча. Ёсць што ў вас падглядзець, пераняць. Чакаем вас з сустрэчным візітам. А тое, што ёсць мяжа, не азначае, што яна павінна быць у нашым розуме і кантактах.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

На здымках: хлеб-соль дарагім гасцям; у народным музеі Радунскай гімназіі; падчас занятку ў Доцішскай школе.

Фото Алега БЕЛЬСКАГА.
Добавление комментария
CAPTCHA
*