Паўстагоддзя творчага лёсу
На мінулым тыдні гучна адзначылі свята вёскі жыхары Утканаў. Пакуль лілася музыка, землякі весяліліся, невялічкі экскурс па гэтым населеным пункце для мяне зрабіў яго былы жыхар, заслужаны работнік культуры БССР Вячаслаў Канстанцінавіч Мацкевіч, імя якога занесена ў Кнігу Славы Гродзеншчыны. Сёлета, калі вобласць рыхтуецца да знакавага юбілея, 75-е лета сустрэў і наш зямляк.
Павольна ішлі па нешырокай звілістай вуліцы, час ад часу спыняліся: мой “экскурсавод” паказваў дарагія яго сэрцу мясціны. Дарога да бацькоўскага дома заняла шмат часу, але гэта таго было варта. Вячаслаў Канстанцінавіч — цікавы суразмоўца. Здавалася, што трапіла ў вёску яго маленства. Вось-вось падлетак выйдзе за вароты з пугаю — пара ў поле кароў гнаць. Або не па-дзіцячы зухавата ўпраўляецца з касою. Тата задаволены: “Сынок, ты ў мяне — найлепшы касец!” З бацькам хлапец з задавальненнем збіраецца ў лес па дровы, корміць гаспадарку і нават свіней коле. А тут яго чакаюць сябры — у грыбы і ягады трэба бегчы. У спёку — на рэчку. На “гумніску” (пляцоўцы перад пабудовай) як гульні не завесці! А вось талакою за пяць кіламетраў дзятва шыбуе ў Канвелішскую школу. Зімою — з факеламі, каб смялей было ісці праз лес.
— Аб вёсцы — толькі ўспаміны. Сям’я была з сямі асобаў, а застаўся адзін я… — сумуе Вячаслаў Канстанцінавіч. — Мая сям’я была вельмі пявучая. Дзякуй маме, якая паклапацілася пра маю адукацыю, — стаў музыкантам. Сама завезла мяне ў Гродна, калі вырашыў паступаць у музычна-педагагічнае вучылішча. Хоць іграць на баяне навучыўся самастойна, але паступіў. А падчас іспыту ў знак падзякі матулі за тое, што даставіла сюды, праспяваў песню “Родна маці мая” на ўкраінскай мове.
У сямнаццаць год хлопец пакінуў вёску, але ніколі не забываў дарогу да бацькоўскай хаты.
На шляху да музыкі
— У маім дзяцінстве музычных школ не было, — узгадвае Вячаслаў Канстанцінавіч. — Такой вучэльняю для мяне стала Гродзенскае вучылішча. Там такіх самавучкаў, як я, хапала. Лёгка ўліўся ў музычную сям’ю. Скажу шчыра, у той момант адчуваў вялікае задавальненне і шчасце.
Вечарамі юнак браў у рукі гармонік, падораны братам, і выходзіў з інтэрната. На двары яго ўжо чакалі дзяўчаты і хлопцы — распачыналіся “петачкі”, так званыя студэнцкія вечарыны. Гарманіст іграе — моладзь танцуе. Хораша!
— Што тут казаць, бедната была, — уздыхае субяседнік. — Таму вучобу сумяшчаў з працаю. Трэці і чацвёрты курс настаўнічаў па суботах у васьмігадовай школе ў вёсцы Калбасіно, непадалёк ад Гродна. Вёў урокі спеваў. Каб пражыць, зарплаты і стыпендыі хапала, маме не даводзілася мне дапамагаць. І, пэўна ж, да хаты прыязджаў не з пустымі рукамі.
Няблага скончыў вучылішча і быў размеркаваны ў Забалацкую школу. Малады настаўнік працаваў дбайна. Мастацкая самадзейнасць, арганізаваная ім, грымела на ўсю Воранаўшчыну — тройчы артысты займалі першае месца на раённай сцэне.
Забалаць Вячаслаў Канстанцінавіч лічыць другой радзімай. Тут яго цёпла сустрэлі людзі, тут ён знайшоў сваё шчасце.
— Лічу, што жонка Марыя прыехала ў вёску не на працу ў шпіталь, а да мяне, — на поўным сур’ёзе кажа мужчына. — Пазнаёміліся мы ў клубе, адразу прыглянулася. Патанцавалі — і адчуў: ёкнула ў сэрцы. Праз год сыгралі вяселле ў той жа Забалацкай школе.
Ды нядоўга давялося музыканту вучыць маленькіх забалаччан. Заўважыў яго вялікі талент былы загадчык аддзела культуры райвыканкама Канстанцін Іосіфавіч Вайткун і, як жартуе Мацкевіч, скраў яго з жонкаю з Забалаці. Распачаўся новы адрэзак жыцця і творчасці Вячаслава Канстанцінавіча ў Воранаве — даўжынёю ў паўстагоддзя.
Час настаўніцтва
Творчае жыццё бурліла. Мацкевіч працаваў і як настаўнік у музычнай школе, і як музыкант у Доме культуры. Калі ж у 1977 годзе ўзначаліў першую ўстанову, большасць сваго часу і высілкаў стаў аддаваць ёй.
Вячаслаў Канстанцінавіч вырашыў, што неабходна павысіць адукацыю. Скончыў Ленінградскі інстытут культуры імя Н. Крупскай, пасля Маладзечанскае музычнае вучылішча па класе баяна. На яго думку, гэта было неабходна, каб мець права зрабіць заўвагу па працы другому настаўніку: “Раз мяне прызначылі дырэктарам, павінен быць дастойным гэтай пасады”.
Падчас кіравання Вячаславам Мацкевічам школа была на добрым уліку ў вобласці. У год, калі сем яе выхаванцаў паступілі ў музычнае вучылішча, сярод школ Гродзеншчыны яна заняла першае месца.
— Я быў адказным у працы і вельмі яе любіў, — настальгуе мужчына. — Меў цудоўных вучняў, якімі магу ганарыцца. Сярод дзяўчат — Марына Чывель. Зараз жыве ў Радуні, працуе ў мясцовай дзіцячай школе мастацтваў, узнагароджана ордэнам Маці. Мой самы вялікі гонар — Віктар Тарчынскі. Вельмі таленавіты хлопец, дастойны музыкант і майстар слова. Казаў яму колісь: “Станеш дырэктарам”. Так і атрымалася, не падвёў мяне. Крыўдна і крыху шкада, што ён пакінуў гэтую пасаду. Што зробіш, нездарма людзі кажуць: “Рыба ідзе дзе глыбей, а чалавек — дзе лепей”. Думаю, Ліда стане добрай пляцоўкай для яго наступных творчых узлётаў…
Нечакана ўспаміны перарваліся, на твары субяседніка з’явілася загадкавая ўсмешка, у вачах — бляск, і ён мовіў:
— Каб вы ведалі, як я люблю бярозы! З дзяцінства… — Вячаслаў Канстанцінавіч падвёў мяне бліжэй да гумна і паказаў: — Там, за ім, расла бацькоўская бярозка, пэўна, яна і запала ў душу. У час дырэктарства разам з вучнямі высадзіў цэлую алею гэтых дрэўцаў. На жаль, яна загінула. Ды ўцалелі дзве бярозы, якія садзіў сам. Усім хвалюся: ля Белаграпрамбанка растуць мае два дрэвы…
Тым часам жнівеньская гарачыня дала аб сабе ведаць. Схавацца ад яе ў цянёк не ўдалося. Вырашылі, як кажуць, перавесці дух на лаве ля дома. І зноў узнавілася гутарка, шчодра пасыпаліся беларускія мілагучныя словы…
Няхай жывуць “Лявоны”!
Што тут ні кажы, а творчаму чалавеку было цесна ў сценах кабінета. Душа патрабавала сцэны, напісання песень і вершаў. Не дзіўна, што музыкант задумаў стварыць ансамбль, які стаў новай гранню ў яго творчасці. Дырэктара падтрымалі калегі-аднадумцы. І ў 1982 годзе нарадзіліся “Лявоны”. Тады калектыў нават не мог і загадваць аб тым, што яго чакае безліч паспяховых канцэртаў, перамог у конкурсах і званне “народнага”.
Падбіраючы рэпертуар, Вячаслаў Канстанцінавіч застаўся верным малой радзіме, любым бацькам:
— Мы выконвалі выключна фальклорныя песні, многія з нашай мясцовасці. Гэта “Утканская полька-шабасоўка”, канвелішская і тусуманская полькі. У наш рэпертуар уключыў любімыя татам і сястрой “Явар пры дарозе” і “Туман ярам”. І касцюмы артыстам падабраў не проста народныя — шляхецкія. У Мінску заказваў! Трэба было, каб гарманіравалі і музыка, і знешні выгляд выступоўцаў. Сабраў я ў ансамблі добрых і таленавітых хлопцаў: двух Аляксандраў — Кукіна і Мацюка, Мікалая Шманка, Рычарда Маркелевіча, светлая яму памяць. Вельмі сябрую з Вікенціем Яковічам, цудоўны чалавек. Перажываў, калі ён пакінуў “Лявонаў”. Бо быў іх упрыгожаннем — як слова скажа, дык звяжа. А як артыкулы напіша — люба чытаць.
Першае сур’ёзнае выступленне ансамбля на ІІ абласным фестывалі фальклора ў Гродне прынесла перамогу. І, напэўна, паслужыла стартам для вялізнай канцэртнай дзейнасці калектыву.
— Канцэрты ішлі, а зачыну добрага не было, — распавядае Вячаслаў Мацкевіч. — Гэта і падштурхнула мяне напісаць “Прывітальную”, якая і сёння гучыць з розных пляцовак. Колькі разоў спявалі гэтую песню, хіба падлічыш!? У адной Польшчы пад трыццаць канцэртаў зладзілі, праўда, больш на Беласточчыне. У Маскве на ВДНГ — пяць. Па лініі камсамолу нават на адкрыцці доміннай печы ў расійскім Чарапаўцы выступалі. Вельмі запамінальнай стала сустрэча з беларусамі замежжа ў ЗША. Цудоўна “Лявонаў” там сустракалі на фестывалі фальклора. Гасцінна, як ва Утканах, віталі былыя землякі ў штаце Нью-Джэрсі. Адчувалася, засумавалі яны па роднай гаворцы, народнай песні. Бо калі, па іх просьбе, спявалі, не памылюся, калі скажу, што млелі ад радасці.
Гады на сцэне праляцелі незаўважна. На жаль, настаў час, калі музыкант вырашыў пакінуць яе, развітаўся са сваімі “Лявонамі”. Яго справу працягнулі, калектыў абнавіўся. Ад былога складу засталіся толькі два Аляксандры.
— Што ансамбаль жыве пасля майго адыходу, спачатку адносіўся раўніва, — шчыра прызнаўся Вячаслаў Канстанцінавіч. — Прайшоў некаторы час, паразважаў, паслухаў, што кажуць людзі, і асэнсаваў: гэта няблага. Няхай жывуць “Лявоны” на памяць іншым, як прадаўжэнне маёй задумкі! Дай Бог ім здароўя! Спадзяюся, праз многія гады прыгадаюць маё імя, як іх заснавальніка.
Назаўжды з песняй
— А я ж яшчэ па-маладосці вяселлі граў! — усхамянуўся суразмоўца. — Зараз дзіву даюся: адкуль чэрпаў сілы, на творчасць бралася, лічу, Божая энергія. Пэўна, так думаю, бо стала падводзіць здароўе. Каб мацавацца, займаюся фізічнай культурай: скандынаўскай хадзьбой, а летам езджу на веласіпедзе. Цудоўна раніцою пераадолець на ім кіламетраў сем. Ехаць і бачыць знаёмых, вітацца з імі.
Канешне ж, знаёмцаў гэтаму таленавітаму чалавеку не займаць. І не толькі таму, што памятаюць. Вячаслаў Мацкевіч да гэтага часу не развітаўся з песняй. Хутка споўніцца дваццаць год, як ён кіруе воранаўскім касцёльным хорам.
— Узгадваю, як прыйшла да мяне Ганна Пецкялюн і прапанавала: ствараем хор, далучайцеся да нас. Запярэчыў: “Далучуся, калі выйду на пенсію, але прыду не спяваць, а кіраваць…” — усміхнуўся дырыжор. — Гэта так думаў. Але да пенсіі не дачакаў — быццам нехта падштурхнуў мяне прыйсці перад Калядамі 2000-га года да пачынаючых харыстаў. І ўжо на само свята яны змаглі выканаць тры песні на чатыры галасы. Прызнаюся, што не стрымаўся: напісаў уласную песню на Вялікдзень. Ведаеце, пасхальны рэпертуар не такі вялікі, а хочацца, каб у ім было штосьці свежае. Яе наш касцёльны хор прэзентаваў у гэтым годзе на “Пасхальных сустрэчах”.
Постскрыптум
Раптам у нашу размову ўварваліся гукі мелодыі. Здалося, яны паклікалі Вячаслава Канстанцінавіча да землякоў. І мы пакрочылі да галоўнай сцэны. Некаторы час ішлі моўчкі, кожны разважаючы аб сваім, аналізуючы расказанае і пачутае. На развітанне мой ужо добры знаёмец нібы выгукнуў з глыбіні душы:
— У маім жыцці ёсць адна дарога — і вядзе яна ва Утканы. Іншы раз так зашчыміць сардушка, што хочацца пайсці пацалаваць вугал бацькоўскай хаты. Шчыра кланяюся ёй: да яе ляжыць мая душа, адсюль мае карані…
Марына КАНДРАТОВІЧ.
Фота аўтара
і з архіва ВячаславаМАЦКЕВІЧА.