Душою дакранулiся да Цёткi



14 ліпеня ў Гро-дзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці па ініцыятыве кіраўніка клуба творчай інтэлігенцыі “Грані” горада Гродна, кампазітара і выканаўцы Аляксандра Міхайлавіча Закрэўскага з удзелам членаў Гродзенскага абласнога аддзялення “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, студэнтаў і выкладчыкаў ГрДзУ імя Я. Купалы і аматараў творчасці Алаізы Пашкевіч (1876-1916гг.) адбыўся творчы вечар з нагоды 140-годдзя з дня яе нараджэння.

Аляксандр Міхайлавіч нагадаў прысутным асноўныя вехі з біяграфіі і творчыя здабыткі ўраджэнкі шчучынскай зямлі, а выступоўцы, сярод якіх былі і землякі Цёткі — Ганна Скаржынская-Савіцкая і аўтар гэтых радкоў, стварылі своеасаблівае мазаічнае палатно-сведчанне іх павагі да неардынарнай і прыцягальнай асобы Пашкевіч. Асабліва цікавымі для слухацкай аўдыторыі падаліся выступленні маладых паэтак Вікторыі Смолка і Аліны Паўлоўскай, спевакоў Аляксандра Закрэўскага і Вольгі Калмаковай, старэйшага выкладчыка беларускай літаратуры Святланы Тарасавай і загадчыцы гэтай кафедры Аліны Сабуць, старшыні абласнога аддзялення “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Людмілы Кебіч. Падкрэслівалася, што талент Цёткі непарыўна звязаны з гісторыяй развіцця нашых грамадства і нацыі, спробай іх гуманізацыі і дэмакратызацыі. Пра гэта яскрава сведчаць яе творы “Скрыпка беларуская”, “Хрэст на свабоду”, “Першае чытанне для дзетак беларусаў” і іншыя. Феномен Цёткі аналізавалі такія даследчыкі айчыннай літаратуры, як Лідзія  Арабей, Валянціна Коўтун, Рыгор Барадулін, Данута Бічэль-Загнетава, Алег Лойка і шмат іншых.

Працу над стварэннем поўнага літаратурнага і чалавечага вобліка Цёткі актыўна працягваюць сучасныя творцы Беларусі. Усё гэта сведчыць пра тое, што заслугі пісьменніцы-змагаркі значна большыя, чым уяўлялася раней. І ў рэшце рэшт мы ўсе павінны быць гатовыя да таго, што яе імя заззяе на літаратурным небасхіле Бацькаўшчыны непараўнальна ярчэй, чым цяпер. (У сувязі з гэтым хачу паведаміць чытачам нашай газеты пра факт заснавання некалькі гадоў таму гродзенскім абласным аддзяленнем СПБ літаратурнай прэміі імя Цёткі і з’яўлення першых лаўрэатаў гэтай прэміі).



Назаўтра, 15 ліпеня, група літаратараў Гродзеншчыны ў складзе старшыні абласнога аддзялення пісьменніцкай арганізацыі Людмілы Кебіч, Ганны Скаржынскай-Савіцкай, Івана Пяшко, Аляксандра Закрэўскага і аўтара гэтых радкоў прыняла ўдзел у мерапрыемствах па ўшанаванні Цёткі, якія былі арганізаваны аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шчучынскага райвыканкама і падначаленымі яму структурамі.

У чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Цёткі г. Шчучын у прысутнасці вялікай колькасці сабраўшыхся ізноў загучалі ўрыўкі з твораў самой творцы, вершы і песні, прысвечаныя жанчыне-пісьменніцы, жанчыне-змагарцы — гонару нашага краю. Затым святкаванне прадоўжылася ля помніка Алаізе Пашкевіч, які месціцца побач з гарадскім Домам культуры. Удзельнікамі імпрэзы былі ўскладзены кветкі да яго. Сяргей Каспярчук, загадчык вышэйзгаданага аддзела райвыканкама, уручыў узнагароды пераможцам раённага конкурсу, прымеркаванага да юбілею Цёткі, пасля чаго прагучала літаратурна-мастацкая кампазіцыя, якая прывабіла вялікую колькасць шчучынцаў розных узростаў і захапленняў.



Завяршаючым для нашай творчай групы стала наведванне магілы Алаізы Сцяпанаўны Кайрыс (прозвішча па мужу на помніку) у вёсцы Стары Двор Васілішскаўскага сельскага савета Шчучынскага раёна. У прысутнасці дзясяткаў мясцовых жыхароў, шматлікіх гасцей, у тым ліку школьнікаў і настаўнікаў Забалацкага НПК нашага раёна, народны ансамбль духоўных спеваў “Преображение” г. Шчучын выканаў дзве ўзнёслыя кампазіцыі, а Л. Кебіч, І. Пяшко і вядучыя мітынгу-рэквіема “Кветка беларускай паэзіі” выказалі сваё шчырае захапленне Цёткай і заклікалі ўсіх прысутных берагчы і ўмацоўваць памяць аб ёй! Напрыканцы зазначу, што ў гэты дзень на Шчучыншчыне ў рэчышчы святкавання 140-х угодкаў з дня нараджэння А. Пашкевіч прайшло яшчэ некалькі мерапрыемстваў, у тым ліку ў Астрынскай СШ імя Цёткі.

Уладзімір РУЛЬ,

член Саюза пісьменнікаў Беларусі,

в. Нача.

На здымках: моманты са святочных мерапрыемстваў.
Добавление комментария
CAPTCHA
*