У павазе — Міцкевіча радок
Ці складана прачытаць верш на памяць? Некаторыя скажуць, што цяжкасцей тут няма: галоўнае вывучыць і не забыць. Што гэта не так, добра ведаюць удзельнікі конкурсаў дэкламатараў. Кожны прачытаны радок яны загадзя перажываюць, прапускаюць цераз сябе, каб яскрава ўявіць пазіцыю аўтара. Затым эмацыйна, артыстычна перадаюць сэнс вершаў. Мінулы аўторак выявіў, што многія вучні ўстаноў адукацыі Воранаўшчыны няблага валодаюць польскай мовай і дэкламуюць на ёй тэксты.
У актавай зале Воранаўскай школы сабраліся не толькі дэкламатары, іх настаўнікі, але і невялікі групы падтрымкі — аднакласнікі, матулі з бабулямі. Пэўна, таму стварылася цёплая сяброўская атмасфера, якая, несумненна, дапамагала канкурсантам не разгубіцца.
Сёлета адзначаецца 185-годдзе з дня выхаду ў свет знакамітай паэмы Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”. Таму ў многіх выступоўцаў у пашане былі ўрыўкі з гэтага твора, а таксама вершы пісьменніка. Прачыталі творы пранікнёна, годна, за што і атрымалі падарункі ад сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама.
Пераможцамі конкурсу ў сваіх узроставых катэгорыях сталі Каміла Ціхановіч з Доцішскай школы, Аліна Даўгілевіч з Воранаўскай і Аляксандра Пышынская з Забалацкага НПК. 30 лістапада яны прадставяць Воранаўшчыну на абласным этапе літаратурнага спаборніцтва.
Марына КАНДРАТОВІЧ.
Фота аўтара.